24 лiстапада 2024, Нядзеля, 11:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзяўчына, якая атрымала пабоі, аштрафаваная на 350 тысяч

30

Актывістка апазіцыі была затрыманая падчас раздачы газеты «Свабодныя навіны плюс» на тэрыторыі, прылеглай да заводу «Ліфтмаш».

Суддзя Ленінскага раёна Магілёва Святлана Сарока вынесла рашэнне на позву валанцёра кампаніі «Гавары праўду» Аксаны Самуйлавай аб нанясенні цялесных пашкоджанняў начальнікам аховы завода «Ліфтмаш». Пацярпелая аштрафаваная на 350 тысяч рублёў, піша «Салідарнасць».

Інцыдэнт адбыўся 19 траўня падчас раздачы зарэгістраванай газеты «Свабодныя навіны плюс» на тэрыторыі, прылеглай да заводу «Ліфтмаш». Па словах Самуйлавай, начальнік аховы прадпрыемства Шулаў разам з двума калегамі адабраў у дзяўчыны 15 газет і сілком даставіў яе ў будынак адміністрацыі заводу. Там Аксану супраць яе волі пратрымалі каля гадзіны, пасля чаго перадалі міліцыі.

На наступны дзень дзяўчына зрабіла экспертызу пабояў і падала заяву ў суд. Аднак падчас судовага пасяджэння пацярпелым абвясціў сябе адказчык. Аказалася, што начальніка аховы Шулова, мужчыну моцнага целаскладу, былога міліцыянта, у прысутнасці двух супрацоўнікаў аховы завода збіла далікатная дзяўчына.

Суддзя палічыла, што віна начальніка аховы не даказаная, а хуліганскія дзеянні дзяўчыны вагой 48 кілаграмаў у наяўнасці.

- Мяне аштрафавалі за тое, што я нібыта яму наносіла пабоі, - паведаміла «Салiдарнасцi» Аксана Самуйлова. - Нібы я бегла за Шулавым, біла яго кулакамі па спіне, каб адабраць 15 газет, і ад гэтага ў яго ўтварыліся драпіны, прычым глыбокія - даўжынёй па 10 сантыметраў і з адпадаючай коркаю. Але ні адзін са сведкаў Шулава не паказаў, што я яго біла па спіне. Адзінае, пра што яны казалі, дык гэта пра тое, што я яго дзёргала за кашулю.

Тым не менш, суддзя прыняла бок адказчыка.

- Хоць яна сама смяялася, калі сведкі Шулава давалі паказанні, бо яны казалі адкрытую лухту. Усе ў зале смяяліся. Было, на самой справе, як на цыркавым выступленні, - распавяла Аксана Самуйлава.

Дзяўчына мае намер абскардзіць рашэнне суда. Але надзеі на справядлівасць у Аксаны засталося няшмат.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках