24 снежня 2024, aўторак, 6:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Віцебску арыштавалі братоў Каваленкаў

17

Віцебскага актывіста Сяргея Каваленку, умоўна асуджанага за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на навагодняй елцы, абвінавачваюць у парушэнні рэжыму.

Маці Сяргея Каваленкі, Лідзія, паведаміла, што міліцыянты затрымалі сына ўчора ўвечары нібыта за спазненне дадому. Паводле ўмоваў рэжыму асуджаны мусіць пасля 21-й гадзіны знаходзіцца дома. Незадоўга да гэтага часу каля пад’езда, дзе жыве актывіст, сабраліся некалькі міліцыянтаў і загарадзілі дзверы, не ўпусціўшы яго дадому, паведамляе «Радыё Свабода».

Лідзія Каваленка, якая размаўляла з суседзямі, даведалася, што супрацоўнікі міліцыі ўжо загадзя склалі пратаколы пра парушэнне рэжыму. І запісалі суседзяў у сведкі.

Маці занепакоеная, што гэты пратакол можа стаць падставай для ўжо другога папярэджання Сяргею. І наступствы могуць быць сур’ёзныя: «умоўнае» пакаранне — тры гады абмежавання волі без змяшчэння ў карную ўстанову — можа быць замененае на «хімію» ці турэмнае зняволенне.

Сёння ж прайшоў суд над малодшым братам актывіста, Віталём Каваленкам. Яго прысудзілі да 5 сутак арышту.

Напярэдадні яго затрымалі ў горадзе нібыта за лаянку матам. Віталь катэгарычна нязгодны з абвінавачаннем. Ён упэўнены, што яго, як і брата, хочуць «ізаляваць» на час правядзення фэсту «Славянскі базар», у якім павінен узяць удзел Аляксандр Лукашэнка. На думку В. Каваленкі і маці братоў-актывістаў, віцебскія міліцыянты хочуць «застрахавацца» ад вывешвання бел-чырвона-белых сцягоў — менавіта за ўдзел у такіх акцыях братоў Каваленкаў раней затрымлівалі і каралі.

Чыгуначны райсуд Віцебску вынес рашэнне, узяўшы пад увагу толькі сведчанні міліцыянтаў, якія затрымалі Віталя Каваленку.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках