Улады падманулі ашуканых дольнікаў
34- 10.08.2010, 13:28
Менскія чыноўнікі прапанавалі ашуканым дольнікам разлічваць на сябе.
Учора ўвечары, прыкладна ў той жа час, калі падсудныя па так званай «справе «Тэрабудінвеста», звязанай з махлярствам падчас будаўніцтва шматкватэрнага жылога дома па вуліцы Прытыцкага, вярнуліся з залы суда Першамайскага раёна ў камеры СІЗА і рыхтаваліся да вячэры, у актавай зале дома культуры тонкасуконнага камбіната кіпелі сур’ёзныя жарсці.
Некалькі сотняў ашуканых дольнікаў вырашалі, як і дзе ім жыць далей. Эмоцыі білі праз край: у зале нават раздаваліся заклікі выйсці на вуліцу і зладзіць мітынг пратэсту, пішуць «Беларускія навіны».
Прапанова аб правядзенні такой акцыі прагучала, калі в. а. начальніка ўпраўлення жыллёвай палітыкі Менгарвыканкама Аляксандр Шэршань і намеснік кіраўніка адміністрацыі Фрунзенскага раёна Аляксандр Даўгала, якія прысутнічалі на сходзе, амаль прамым тэкстам патлумачылі пацярпелым, што большасці з іх трэба разлічваць толькі на свае сілы, і пакінулі мерапрыемства. Зала завіравала і старшыні ГА «Ашуканыя грамадзяне-дольнікі» Васілю Міхневічу каштавала немалых высілкаў супакоіць абураных шчырасцю чыноўнікаў чальцоў таварыства.
Праблема ў тым, што чыноўнікі ў гэтым выпадку не могуць скокнуць вышэй за галаву і дазволіць сабе выходзіць па-за межы дзеючага заканадаўства. У адрозненне ад Лукашэнкі.
Нагадаем, 20 красавіка бягучага года Аляксандр Лукашэнка, выступаючы са штогадовым пасланнем да народу і Нацыянальнага сходу, сказаў наступнае: «Вострай праблемай, якая ўзнікла на глебе жыллёвага пытання, з'яўляюцца ашуканыя дольнікі. Толькі ў Менску іх ужо налічваецца звыш за пяцісот чалавек. Махлярам, якія нажываюцца на людскай бядзе, трэба паставіць жорсткі заслон. Урад павінен прыняць вычарпальныя меры, якія не дапускаюць з'яўлення такіх выпадкаў. Думаю, Менскі гарвыканкам пры падтрымцы адпаведных структураў знойдзе, як дабудаваць ці разлічыцца з гэтымі 500 дольнікамі. Дакладзіце да канца лета!»
Некаторыя з ашуканых дольнікаў успрынялі яго словы як каманду органам выканаўчай улады вырашыць іх праблему альбо даваннем кватэраў, альбо грашыма. У скрайнім выпадку, яны спадзяваліся атрымаць ільготны крэдыт пад 5% гадавых. А тут атрымліваецца, што да канца лета засталося ўсяго нічога, а яснасці ў справе не назіраецца. Больш за тое, як паведаміў на сходзе Аляксандр Шэршань, у цяперашні час рыхтуецца праект рашэння Саўміна аб ільготным крэдытаванні толькі тых ашуканых дольнікаў, якія стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, ці прадалі жыллё і не маюць іншай жылплошчы, ці маюць у складзе сям'і інваліда. Такіх, паводле папярэдніх дадзеных, набіраецца каля сотні чалавек з 493 пацярпелых. Хаця кіраўнік дзяржавы сказаў «разлічыцца» з усімі!
«Як вы збіраецеся вырашаць гэтую праблему? Як будзеце адсправаздачвацца перад Лукашэнкам?», — пацікавіўся хтосьці з залы ў Аляксандра Даўгалы. «Адсправаздачымся як належыць, дамо аб'ектыўную карціну па пацярпелых грамадзянах», — адказаў чыноўнік. І адразу ж атрымаў на свае словы каментар: «Калі да выбараў прэзідэнта вы нічога не зробіце, дык пасля выбараў вы пра нас забудзецеся».
Дык што ж прапануюць улады сталіцы ашуканым дольнікам? Пра магчымыя варыянты вырашэння праблемы кажацца ў лісце Менгарвыканкама: «З мэтай паляпшэння жыллёвых умоваў «ашуканых дольнікаў» прапануецца будаўніцтва 103-кватэрнага жылога дома № 36 у мікрараёне Каменная Горка-3, 127-кватэрнага жылога дома № 17 у мікрараёне Каменная Горка-5, а таксама 50 кватэраў па дамовах стварэння аб'ектаў долевага будаўніцтва ў жылым доме №21 у Масюкоўшчыне-5, замоўцам па будаўніцтве якога з'яўляецца ДВА «Менскбуд».
У сувязі з гэтым мяркуем, што будаўніцтва жылых дамоў у мікрараёне Каменная Горка павінна ажыццяўляцца шляхам арганізацыі ЖБВК з ліку «ашуканых дольнікаў» у адпаведнасці з п. 7 Палажэння аб арганізацыі забудоўшчыкаў, зацверджанага Указам Прэзідэнта РБ ад 28.01.2008 № 43.
Уключэнне грамадзянаў з ліку «ашуканых дольнікаў» у згаданыя кааператывы, на нашую думку, павінна ажыццяўляцца па спісах, складзеных ГА «АГД», узгодненых з адміністрацыяй Фрунзенскага раёна г. Менска, упраўленнем жыллёвай палітыкі Менгарвыканкама і следчым упраўленнем папярэдняга расследавання ГУУС Менгарвыканкама».
Гэта значыць, атрымліваецца, што сёння ў агульнай суме гарвыканкам гатовы дапамагчы толькі 280 пацярпелым. Пра астатніх абяцалі таксама не забыцца, але прымнажаюцца ўжо новыя праблемы. Напрыклад, што датычыць аднапакаёвых кватэраў, у доме № 36 іх усяго 16, а заяваў паступіла ўжо 96. Што рабіць? Увогуле, колькі пацярпелых, столькі і праблемаў.