23 снежня 2024, панядзелак, 2:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«The New York Times»: Новы залп у інфармацыйнай вайне

19

Выглядае, цярпенне расейскіх лідэраў у дачыненні да Лукашэнкі лопнула, піша вядучае амерыканскае выданне.

У новым расейскім дакументальным фільме беларускі кіраўнік прадстаўлены ў выглядзе коснаязыкага тырана і прыхільніка Гітлера і Сталіна. У гэтым фільме Лукашэнка забівае сваіх палітычных апанентаў, затыкае рот журналістам, махлюе на выбарах, а сваю краіну, якая ледзь трымаецца на плаву, не выпускае з кайданоў савецкага мінулага, піша «The New York Times».

Ужо шмат гадоў падобныя абвінавачванні высоўваюць праваабарончыя арганізацыі і ўрады краінаў Захаду, але гэты выбрык у адрас Лукашэнкі быў зроблены з крыху нечаканага боку: фільм быў паказаны па дзяржаўным тэлебачанні Расеі.

Дакументальны фільм стаў складовай часткай інфармацыйнай вайны, якая выбухнула паміж Расеяй і яе суседкай Беларуссю — дзвюма былымі савецкімі рэспублікамі, якія калісьці былі настолькі блізкія адна адной, што планавалася нават іх уз'яднанне. Але выглядае, што выхад фільма «Хросны бацька» на тэлеканале НТВ у ліпені адзначыў сабой адмену вяселля.

Узаемнае паліванне брудам, якім займаюцца дзяржаўныя СМІ абедзвюх краінаў, адлюстроўвае ўзмацненне напружанасці ў стасунках паміж імі. Апошні выбух рознагалоссяў адбылася ў чэрвені, калі краіны пасварыліся з-за коштаў на прыродны газ, пасля чаго Лукашэнка ледзь не ўхіліўся ад запланаванага ўступлення ў Мытны саюз з Расеяй і Казахстанам — а гэты праект вынасіў прэм'ер-міністр і бясспрэчны лідэр Расеі Уладзімір Пуцін.

Крэмль шмат гадоў падтрымліваў Лукашэнку, хваліў яго за выбары, хаця незалежныя назіральнікі бачылі ў іх парушэнні, а таксама ігнараваў жорсткі пераслед ім апазіцыі. Масква забяспечвала дзяржаву, якую ўзначальваў Лукашэнка, танным прыродным газам і давала зніжкі на мытныя пошліны на пастаўкі нафты, якую Беларусь перапрацоўвала і перапрадавала. Расейскія субсідыі, як падкрэслівае дыктар фільма, што нядаўна выйшаў, «былі галоўным сакрэтам беларускага эканамічнага цуду».

Аднак Крэмль, выглядае, не лічыць, што атрымаў ад Беларусі штосьці акрамя галаўнога болю. У чэрвені, калі бушавалі спрэчкі вакол коштаў на газ, Беларусь у адказ ненадоўга спыніла пастаўкі ў Заходнюю Еўропу.

Акрамя таго, Лукашэнка сабатаваў палітыку Расеі на тэрыторыі былога Савецкага Саюза. Ён даў прытулак былому прэзідэнту Кыргызтана Курманбеку Бакіеву, выгнанаму з краіны ў красавіку пасля кровапралітнага мяцяжу, які, мяркуючы па ўсім, прайшоў пры ўхваленні Масквы. Акрамя таго, ён не ўзяў прыклад з Крамля і не прызнаў незалежнасці двух анклаваў, якія адкалоліся ад Грузіі — Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.

«Ён атрымаў велізарную колькасць грошай, на якія часткова падтрымаў эканоміку Беларусі, яе эканамічны рост і дабрабыт свайго народа, і нічога не даў наўзамен, - сказаў, выступаючы ў эфіры расейскай радыёстанцыі «Эхо Москвы», палітык-апазіцыянер Уладзімір Рыжкоў. - Выглядае, што цярпенне расейскіх лідэраў лопнула».

Нядаўна, размаўляючы з журналістамі, Пуцін не надаў асаблівага значэння кампаніі, якая разгарнулася ў СМІ.

«Не бачу ніякай інфармацыйнай вайны. Магчыма, справа ў тым, што я ў апошні час амаль не чытаю перыёдыку і не сачу за электроннымі СМІ», — сказаў Пуцін. Затое пра Лукашэнку асабіста ён адгукнуўся з меншай абцякальнасцю: «Калі гаворка заходзіць пра грошы ці пра пастаўкі энерганосьбітаў, усе хочуць атрымаць ад Расеі што-небудзь бясплатна, а калі не атрымліваюць, дык пачынаюць злавацца».

У «Хросным бацьку» выказваецца крытыка, тыповая для зместу дакладаў заходніх праваабарончых арганізацыяў аб становішчы ў Беларусі (ды і ў Расеі таксама). Згадваюцца знікненні і забойствы палітычных апанентаў Лукашэнкі ў апошнія гады; ёсць кадры, дзе міліцыянты ў бронекамізэльках збіваюць удзельнікаў антыўрадавай дэманстрацыі. Самога Лукашэнку паказваюць ці то ў ваеннай форме, ці то падчас інспекцыяў калгасаў.

«Мала што змянілася з часоў СССР», — кажа ў пэўны момант дыктар.

У Беларусі паглядзець гэты фільм па тэлевізары маглі толькі ўладальнікі спадарожнікавых «талерак», хаця яго лёгка можна знайсці і на сайце YouTube. У адпаведнасці з савецкімі традыцыямі самвыду людзі самі запісвалі фільм на стужку і перадавалі нелегальныя касеты адзін аднаму, пра што паведаміў адзін з лідэраў беларускай апазіцыі Андрэй Саннікаў.

Няма чаго і казаць, што Лукашэнка быў незадаволены. Паводле яго словаў, фільм «абразіў» яго.

«Я ведаю, хто аддае гэтыя распараджэнні, хто кіруе гэтымі працэсамі», — казалася ў заяве, апублікаванай на яго вэб-сайце.

Неўзабаве пасля гэтага Беларусь нанесла ўдар у адказ, апублікаваўшы ў адной з дзяржаўных газетаў урыўкі з дакладу аб Пуціне, у якім яго рэзка крытыкуюць аўтары — расейскія апазіцыянеры.

«Дзікасць стала нормай у расейскім грамадстве», — казалася ў каментары, апублікаваным у газеце разам з гэтымі ўрыўкамі.

Таксама па першым канале беларускага тэлебачання, які кіруецца дзяржавай, паказалі інтэрв'ю з прэзідэнтам Грузіі Міхаілам Саакашвілі, якога кіраўніцтва Расеі дэманізуе і які сам станавіўся галоўным героем расейскіх дакументальных фільмаў неўхвальнага зместу.

У сваім інтэрв'ю Саакашвілі назваў фільм пра Лукашэнку крывадушнасцю, адзначыўшы шматлікія палітычна матываваныя забойствы ў Расеі.

«Гэта пахне інфармацыйнай вайной», — сказаў Саакашвілі.

У адказ на гэта інтэрв'ю спікер расейскага парламента Барыс Грызлоў назваў Саакашвілі злачынцам і заявіў, што Беларусі гэта дарма не пройдзе.

«Любы, хто дае Саакашвілі магчымасць адчуць сябе прэзідэнтам, у тым ліку і ў іншай краіне, прымае рашэнне, якое паўплывае на стасункі з Расеяй», — сказаў ён.

Спыненне дапамогі Расеі можа павярнуцца бядой для Лукашэнкі, якому ў наступным годзе трэба будзе выступіць на прэзідэнцкіх выбарах. Некаторыя расейскія палітолагі ўжо пачалі выказваць меркаванні, што кампанія ў СМІ, якая развярнулася, можа азначаць сабой пачатак спробы зрынуць яго.

У чэрвені некаторыя лідэры беларускай палітычнай апазіцыі ездзілі ў Маскву, дзе правялі неафіцыйныя сустрэчы з расейскімі лідэрамі, у тым ліку — з міністрам фінансаў і сябрамі партыі Пуціна «Адзіная Расея». Ужыванне Расеяй «мяккай сілы» ў форме кампаніяў у СМІ і эканамічнага ціску, як лічыцца, дазволіла зрынуць у красавіку кіргізскага прэзідэнта Бакіева. Лукашэнка, аднак, знаходзіцца ва ўладзе ўжо шаснаццаць гадоў, і відавочна пачуваецца больш ўпэўнена, чым пачуваўся тады яго кіргізскі калега.

Але некаторыя дзеячы апазіцыі ў Беларусі ўжо зачараваныя магчымасцю атрымаць падтрымку Крамля.

«Гэта ўнікальная сітуацыя: Еўропа і Расея аднолькава ацэньваюць ход перадвыбарчай кампаніі ў Беларусі, - сказаў Яраслаў Раманчук, адзін з лідэраў апазіцыі, які ідзе кандыдатам у прэзідэнты. - Такога ў гісторыі яшчэ не было».

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках