24 лiстапада 2024, Нядзеля, 9:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзярждоўг вырас у тры разы, але ЗВР скарачаюцца

21

У цяперашнім годзе ў Беларусі захоўваюцца трывожныя тэндэнцыі ў сферы знешнеэканамічных аперацый.

Дэфіцыт гандлёвага балансу прыводзіць да таго, што попыт на замежную валюту на ўнутраным рынку апярэджвае прапанову. Як следства, Нацбанку даводзіцца выдаткоўваць золатавалютныя рэзервы, каб задаволіць патрэбу прадпрыемстваў у замежнай валюце.

Міжнародныя рэзервовыя актывы (золатавалютныя рэзервы), разлічаныя па методыцы МВФ, зменшыліся за студзень - ліпень 2010 года на 5,7%, да 5,332 млрд. даляраў. У грашовым выражэнні - на 320 млн. даляраў, паведамляе БелаПАН.

Памяншэнне золатавалютных рэзерваў (ЗВР) з'яўляецца заканамерным вынікам сітуацыі, якая існавала на валютным рынку ў студзені - чэрвені.

З аднаго боку, меў месца станоўчы трэнд на ўзроўні фізічных асоб: насельніцтва прадавала валюты больш, чым набывала.

Аднак, разам з тым, існаваў традыцыйны негатыўны фактар: попыт прадпрыемстваў на замежную валюту прыкметна апярэджваў прапанову.

У студзені - чэрвені, па дадзеных Нацбанка, попыт на замежную валюту з боку суб'ектаў гаспадарання перавысіў прапанову на 2,816 млрд. даляраў.

Розніцу паміж попытам на замежную валюту і яе прапановай эканамічныя ўлады краіны задавальняюць за кошт ЗВР. Таму нядзіўна, што яны ў нас растаюць.

Памяншэнне ЗВР негатыўна адбіваецца на іміджы Беларусі. Справа ў тым, што памер ЗВР - адзін з асноўных паказчыкаў, па якім ацэньваецца плацежаздольнасць любой краіны. Метадалогія Міжнароднага валютнага фонду паказвае, што памер беларускіх рэзерваў сёння недастатковы.

Па рэкамендацыі МВФ рэзервы краіны павінны раўняцца аб'ёму трохмесячнага імпарту. Кошт месячнага аб'ёму імпарту Беларусі склаў у чэрвені 3,02 млрд. даляраў. Адпаведна, золатавалютныя рэзервы Беларусі павінны, калі прытрымлівацца рэкамендацый МВФ, складаць сёння 9 млрд. даляраў.

Гэтага ж аб'ёму ЗВР (5,332 млрд. даляраў) дастаткова, каб аплачваць імпарт тавараў і паслуг каля 50 дзён.

Але насцярожвае не толькі гэта. Сціплыя ЗВР Беларусі працягваюць скарачацца, нягледзячы на тое, што краіна актыўна атрымлівае знешняе фінансавае падсілкоўванне.

Так, у першым паўгоддзі 2010 года Беларусь атрымала 625 млн. даляраў за акцыі «Белтрансгаза» ў лютым і крэдытныя рэсурсы МВФ на 670 млн. даляраў у сакавіку. Абедзве гэтыя сумы былі залічаныя ў склад ЗВР.

Аднак беларускія рэзервы па выніках першага паўгоддзя ўсё роўна знізіліся. Гэта значыць знешніх паступленняў краіне сёння не хапае для таго, каб стабілізаваць сітуацыю з ЗВР.

Старшыня праўлення Нацбанка Пётр Пракаповіч паведаміў у ліпені, што да канца 2010 года іх плануецца павялічыць да 6,2-7,5 млрд. даляраў.

На думку незалежных экспертаў, адным з фактараў павелічэння ЗВР можа стаць інструмент, які ўжо актыўна выкарыстоўваецца, - замежныя крэдыты.

«Павелічэнне золатавалютных рэзерваў цалкам магчымае, у першую чаргу - за кошт павелічэння знешняга доўгу. Беларусь ужо размясціла еўрабондаў на 600 млн. даляраў і плануе ў бліжэйшы час правесці яшчэ адно размяшчэнне аблігацый - на расейскім рынку», - канстатуе эканаміст Даследчага цэнтра ДПМ Дзмітрый Крук.

Планы ўраду адносна павелічэння знешняга дзярждоўгу насцярожваюць ў сувязі з тым, што за апошнія гады Беларусь у разы павялічыла свой знешні доўг.

Так, у 2008 годзе знешні дзяржаўны доўг узрос на 58,9% у параўнанні з 2007 годам - да 3,719 млрд. даляраў. У 2009 годзе Беларусь павялічыла знешні дзярждоўг ў 2,1 разы - да 7,891 млрд. даляраў. У першым паўгоддзі 2010 года знешні дзярждоўг Беларусі працягваў расці. За першыя шэсць месяцаў ён вырас на 650 млн. - да 8,54 млрд. даляраў.

Азначаная дынаміка рэзкага павелічэння знешняга дзярждоўгу не можа не турбаваць. Эканамісты звяртаюць увагу, што акрамя дзяржаўнага існуе яшчэ і немалы знешні доўг у карпаратыўнага сектара. Сукупны знешні дзярждоўг Беларусі складаў на 1 красавіка 22,2 млрд. даляраў. Хаця яшчэ тры гады таму ён быў у разы меншы - у пачатку 2007 года сукупны знешні доўг Беларусі складаў 6,84 млрд. даляраў.

Такім чынам, краіна павялічыла дзярждоўг за апошнія гады больш чым у тры разы. Але гэта так і не дазволіла забяспечыць высокі ўзровень ЗВР.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках