24 лiстапада 2024, Нядзеля, 7:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнку запісалі ў сваякі Саакашвілі

12

Грузінскія СМІ працягваюць пісаць пра канфлікт Масквы і Менска.

У Тбілісі вераць у тое, што з гэтага можна атрымаць неімгненную выгаду і наладзіць пэўныя ўзаемаадносіны з Беларуссю. І, што самае цікавае, Грузія сур'ёзна накіравалася на ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва з Лукашэнкам, піша «Грузия сегодня».

Адносіны паміж Менскам і Тбілісі за апошнія пяць гадоў нельга назваць стабільнымі. Так, у 2005 годзе Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне аб увядзенні ў дачыненні да Грузіі візавага рэжыму. Беларускі кіраўнік растлумачыў гэты рашучы крок неабходнасцю барацьбы з арганізаванай і транснацыянальнай злачыннасцю. Бо, як вядома, у той час грузінскі крымінальны свет актыўна выкарыстоўваў Беларусь у якасці каналу пранікнення на тэрыторыю Расеі.

У 2007-м годзе ў Грузіі пачалі гаварыць пра неабходнасць сяброўства з беларусамі. Міхаіл Саакашвілі адправіў у Менск свайго паплечніка і кіраўніка МУС Вано Мерабішвілі, які разлічваў ўжо праз два-тры гады атрымаць рэальную выгаду ад гэтага супрацоўніцтва. Быў поўны рашучасці наладзіць эканамічныя сувязі з Тбілісі і Аляксандр Лукашэнка, паабяцаўшы выйсці на 100 мільёнаў даляраў тавараабароту. «Мы поўныя рашучасці аднавіць і памножыць нашыя адносіны, нават зрабіць іх больш высокімі ў параўнанні з савецкім перыядам», - заявіў ён.

Воз, аднак, і цяпер там. Ледзь не адзінымі дасягненнямі, якія атрымалі бакі, сталі ратыфікацыя пагаднення аб міжнароднай транспартнай сувязі, ды перыядычныя заявы пра неабходнасць развіваць эканамічныя сувязі.

Праўда, цяпер у Тбілісі вырашылі заняцца Лукашэнкам куды шчыльней - там складанасці, якія ўзніклі ў адносінах Масквы і Менска, узвялі ў абсолют, назваўшы беларускага кіраўніка ідэйным сваяком Міхаіла Саакашвілі. Грузінскія акулы пяра наракаюць на азначанае развіццё тавараабароту і выказваюць надзею на Беларусь, як на новы рынак збыту віна, мінералкі і цытрусавых. Яно і зразумела - пасля выхаду Грузіі з СНД і закрыцця для рэспублікі расейскага рынку галоўныя артыкулы экспарту Сакартвела значна праселі.

Разам з тым, пра сяброўства Тбілісі і Менска пачалі гаварыць і мясцовыя палітолагі. Як заявіў прафесар грузінскага Інстытута грамадскіх спраў і былы дырэктар інфармацыйнага цэнтра НАТА пры Міністэрстве абароны Грузіі Торніке Шарашанідзэ, і ў Грузіі, і ў Беларусі ёсць адзіны шлях - гэта шлях у Еўропу. «У Грузіі ёсць свае праблемы, у Беларусі таксама ёсць свае праблемы. Але і Грузія, і Беларусь глядзяць у адзін бок», - цытуе яго «Каўказскі інфармацыйны партал».

Як аказалася, і гэта яшчэ не ўсё. У грузінскіх СМІ сур'ёзна мяркуюць, што не абы-якія эканамічныя сувязі Беларусі і Грузіі могуць з часам распаўсюдзіцца і на супрацоўніцтва ў ваеннай сферы. Гэта значыць, лічаць у Грузіі, Менск будзе абавязкова пастаўляць Тбілісі сродкі СПА, а зняць пэўныя бар'еры і пайсці на ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва з Грузіяй Лукашэнка рашыцца менавіта пасля «канфрантацыі з Масквой».

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках