24 лiстапада 2024, Нядзеля, 23:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Урад працягвае штурхаць эканоміку ў бездань

9

Інфляцыя ў 2011 годзе можа дасягнуць з улікам сённяшніх мер эканамічнай палітыкі 20%.

Беларускі ўрад у асобе Міністэрства эканомікі прыняў рашэнне істотна падвысіць тарыфы на цепла- і электраэнергію для прамысловых прадпрыемстваў. На пазамінулым тыдні Мінэканомікі пайшло на падвышэнне кошту газу для іх. На думку незалежных экспертаў, ва ўмовах павелічэння цэнаў на імпартаваныя энэргарэсурсы ўраду варта задумацца, ці трэба так гнаць рост ВУП, пішуць «Беларускія навіны».

З 20 жніўня ў Беларусі на 20,9% падвышаныя тарыфы на цепла- і электраэнергію для прамысловых спажыўцоў. Дзесяццю днямі раней, 11 жніўня, на 13,2% былі павялічаныя кошты на прыродны газ для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.

Эканаміст Даследчага цэнтра ІПМ Алена Ракава лічыць, што дойдзе чарга і да павышэння тарыфаў на энергарэсурсы для насельніцтва.

«Для насельніцтва тарыфы на газ і на электраэнергію пакуль не павялічваліся. Аднак у наступным годзе яны, безумоўна, будуць расці - і на цепла- і на электраэнергію», - упэўненая эксперт.

Часовае жаданне ўраду адмовіцца ад падвышэння тарыфаў на энергарэсурсы цалкам тлумачальнае - наперадзе прэзідэнцкія выбары, якія, хутчэй за ўсё, адбудуцца ў снежні.

Цяперашняе падвышэнне цэнаў на энергарэсурсы напрамую не паўплывае на кошт прамысловай прадукцыі, лічыць Алена Ракава. «Найбуйнейшыя спажыўцы энергарэсурсаў атрымліваюць зніжкі на іх аплату. У выдатках большасці прамысловых прадпрыемстваў доля энергарэсурсаў не перавышае 2-3%», - кажа эксперт.

Таму, лічыць эканаміст, да росту спажывецкіх цэнаў (інфляцыі) падвышэнне кошту энергарэсурсаў не прывядзе.

«Іншая справа, што сёння прамысловыя прадпрыемствы для выканання валавых паказчыкаў атрымліваюць танныя крэдытныя рэсурсы з боку дзяржавы. Гэты фактар, а таксама іншыя меры стымулявання эканомікі разагравае інфляцыйныя працэсы ў краіне», - адзначае Алена Ракава.

Паводле прагнозу Даследчага цэнтра ІПМ, інфляцыя ў 2011 годзе можа дасягнуць з улікам сённяшніх мер эканамічнай палітыкі 20%.

Паводле меркавання экспертаў, задумацца ўраду варта і пра іншы паказчык - рост ВУП, які, у адрозненне ад інфляцыі, напрамую звязаны з цэнамі на энерганосьбіты. Беларусь у плане энергаёмістасці ВУП прайграе прамыслова развітым краінам. І сітуацыя гэтая, мяркуе Алена Ракава, будзе захоўвацца, пакуль урад імкнецца ўсяляк павялічваць прамысловую вытворчасць.

Паводле словаў эканаміста, «у Беларусі энергавыдаткі будуць працягваць павялічвацца да даго часу, пакуль ставіцца задача павялічваць аб'ём прамвытворчасці. Мы вымушаныя будзем спажываць у гэтым выпадку шмат энергарэсурсаў, якія даражэюць. Адпаведна, рэнтабельнасць прамысловай вытворчасці будзе зніжацца».

Дынаміка змены коштаў на прыродны газ, які спажываецца Беларуссю, пацвярджае, што энерганосьбіты для айчынных спажыўцоў сістэматычна даражэюць. У першым квартале газ пастаўляўся ў Беларусь па 169,22 даляры за тысячу кубаметраў, у другім квартале - па 184,8 даляраў, у трэцім ідзе ўжо па 194 даляры.

А ў дакументах «Газпрома» гаворыцца, што ў наступным годзе расейскі газавы манапаліст збіраецца прадаваць нашай краіне газ па 250 даляраў за тысячу кубаметраў.

У сувязі з ростам цэнаў на газ урад у лютым павялічыў на 25% яго кошт для прамысловых спажыўцоў. Следам за гэтым, 17 лютага, былі падвышаныя кошты на электраэнергію.

Справа ў тым, што ў Беларусі прыродны газ выкарыстоўваецца ў якасці паліва. Паводле экспертных ацэнак, у сабекошце электраэнергіі, вырабленай электрастанцыямі, газ займае каля 80%. Таму падвышэнне цаны газу аўтаматычна вядзе да росту сабекошту электраэнергіі.

Праўда, у Беларусі ўрад імкнецца часта не падвышаць цану электраэнергіі, каб змякчыць уплыў росту кошту газу на прамысловасць. Падвышэнне кошту газу перакладалася на «Белэнерга». Таму нядзіўна, што ў цяперашнім годзе рэнтабельнасць у беларускай энергетыцы знізілася больш чым у тры разы ў параўнанні з мінулым годам - да 2,3% (супраць 8,7% у першым паўгоддзі 2009 года).

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках