24 лiстапада 2024, Нядзеля, 22:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чыноўнікі Мінгандлю на экскурсіі ў СІЗА: «Як адсюль уцячы?»

4

Дзяржслужбоўцаў працягваюць вазіць па следчых ізалятарах, каб паказаць, чым можа скончыцца парушэнне закона.

- Ніхто вас не падазрае ў карупцыйным злачынстве. Няма мэты вас запалохаць, мы проста пакажам рэальнасць, - так пачалася экскурсія ў СІЗА №1 для прадстаўнікоў Міністэрства гандлю, піша «Камсамольская праўда ў Беларусі».

- Можаце паглядзець, як выглядаюць следчыя кабінеты, - прапанавалі супрацоўнікі пракуратуры, але госці прамінулі іх. Па твары чыноўнікаў было відаць: яны хочуць, каб гэтая экскурсія хутчэй скончылася. У камеры рызыкнула зайсці толькі некалькі чалавек, астатнія з цікаўнасцю разглядалі падследных праз вочка. Каб лепш даведацца, як жывуць зняволеныя, кіраўніцтва СІЗА нават дазволіла з імі пагутарыць. Праўда, скарысталіся такой магчымасцю толькі журналісты.

- Да нас часта прыходзяць на экскурсію, былі і супрацоўнікі міліцыі, і прадстаўнікі ДАІ. Абыякавымі ніхто не застаецца, ходзяць, глядзяць вялікімі вачыма. Чалавек павінен ведаць тую мяжу, за якую перасягнуць нельга, - распавёў зняволены Уладзімір, які адбывае пакаранне за даванне хабару і махлярства. - Такія экскурсіі вельмі карысныя.

Далей у праграме было наведванне жаночай камеры, і панадворка для шпацыру, і вежы Пішчалаўскага замку, дзе раней утрымліваліся зняволеныя.

- Зараз будынак закансерваваны, што з ім будзе далей, пакуль невядома, - распавёў начальнік аддзела па наглядзе за выкананнем крымінальнага пакарання Генеральнай пракуратуры Юры Гарошка. - Але ўжо прынятае рашэнне, што да 2015 года ў Калядзічах будзе пабудаваная новая турма і рэспубліканскі шпіталь.

Пасля экскурсіі чыноўнікі маглі задаваць пытанні. Самае першае: ці можна адсюль уцячы ці і праўда, што гэта атрымалася толькі ў Фелікса Дзяржынскага? Яшчэ прадстаўнікоў Міністэрства гандлю цікавіла: як кормяць зняволеных, дзе ўтрымліваюць хворых на сухоты і ВІЧ-інфікаваных і ці ёсць у СІЗА крама.

Пасля такіх экскурсіяў злачынстваў станавіцца толькі больш?

У СІЗА ўжо вадзілі Міністэрства сельскай гаспадаркі і Міністэрства прамысловасці. «КП у Беларусі» вырашыла даведацца, як чыноўнікі рэагуюць на такія экскурсіі і ці стала пасля іх менш карупцыйных злачынстваў. Высветлілася, якраз наадварот!

Да прыкладу, у Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання за 7 месяцаў 2009 года зафіксаванае 31 злачынства, а за аналагічны перыяд 2010 года - 74(!). Такая ж сітуацыя і ў Міністэрстве прамысловасці: было 29 злачынстваў, а стала 57! Атрымліваецца, што чыноўнікі не задумаліся?

- Я б не спяшаўся рабіць такія высновы. Проста палепшылася праца праваахоўных органаў што да выяўлення такіх злачынстваў. Калі аналізаваць гэтую статыстыку больш дэталёва, дык можна прыйсці да высновы - большасць гэтых злачынстваў былі здзейсненыя год ці два таму, а выяўленыя толькі зараз. Таму казаць пра эфектыўнасць такіх экскурсіяў можна будзе пазней, - пракаментаваў Ігар Грэйба, начальнік аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю Генпракуратуры.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках