Былы саінвестар «Менск-Сіці» - банкрут
3- 10.09.2010, 8:34
«Еўрацэмент груп» падала на банкруцтва дэвелаперскай групы «СУ-155».
У базе маскоўскага арбітражнага суда 8 верасня зарэгістраваная заява кампаніі «Еўрацэмент трэйд» (уваходзіць у холдынг «Еўрацэмент груп» Філарэта Гальчава) аб банкруцтве дэвелаперскай групы «СУ-155», піша «Штодзённік» са спасылкай на «Коммерсант».
Цэментны холдынг судзіцца з «СУ-155» з вясны гэтага года па запазычанасцях па пастаўках цэменту: згодна базе маскоўскага арбітражнага суда, у красавіку - траўні зарэгістравана восем іскаў да «СУ-155» на агульную суму 281,75 мільёнаў расейскіх рублёў. Па адным з іскаў (на 202,3 мільёна рублёў) 24 жніўня «Еўрацэмент трэйд» выйграла ў апеляцыйнай інстанцыі. Верагодна, менавіта па гэтай запазычанасці была ўчора пададзена заява аб банкруцтве.
Нагадаем, што яшчэ два гады таму будаўнічы холдынг ААТ «СУ-155» спрабаваў увайсці ў лік саінвестараў і сузаснавальнікаў «Менск-Сіці», адначасова заяўляючы сябе і ў якасці генпадрадчыка будаўніцтва. Але ў 2009 годзе кампанія пакінула праект, пакінуўшы свайго патэнцыйнага партнёра і стратэгічнага інвестара «Менск-Сіці» расейскую кампанію «ИТЕРА» ў гордай адзіноце.