23 снежня 2024, панядзелак, 23:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Апазіцыя гатовая адстойваць вынікі выбараў на вуліцы

64
Андрэй Саннікаў: Апазіцыя гатовая адстойваць вынікі выбараў на вуліцы

Перамены ў Беларусі неабходныя ўсім - ад працоўных да чыноўнікаў.

Лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў даў інтэрв'ю расейскаму выданню «Сегодня.ру».

- Пачалася прэзідэнцкая кампанія даволі дзіўна: занадта ранняя дата выбараў, раптоўнае рашэнне пра яе пачатак ... Як яна праходзіць? Ці ёсць шанец на перамогу ў апазіцыі? Ці гатовыя апазіцыянеры вылучыць адзінага кандыдата?

- Нічога дзіўнага тут няма. Лукашэнка да гэтага часу сцвярджае, што на рэферэндуме 1996 года народ добраахвотна прагаласаваў супраць таго, каб фінансаванне ўсіх галінаў улады ажыццяўлялася галосна і толькі з дзяржаўнага бюджэту, тым самым узаконіўшы таемны бюджэт кіраўніка дзяржавы, так званы прэзідэнцкі фонд. З таго часу ён і лічыць, што народ не варты атрымліваць найважнейшую інфармацыю пра жыццё дзяржавы. Таму ў нас няма дакладнай статыстыкі, пра цэны на энерганосьбіты мы даведваемся з расейскай прэсы ... Так і з выбарамі. Навошта людзям у Беларусі ведаць, калі адбудуцца выбары кіраўніка дзяржавы?

Абвяшчэнне цяперашніх выбараў - гэта сапраўдны фарс. Службы па распаўсюджванні чутак працавалі вельмі старанна дзесьці з красавіка гэтага года: «вось-вось выбары будуць абвешчаныя», «усім чыноўнікам забаранілі адпачынкі ў траўні, пасля ў чэрвені, затым у ліпені ...» і г.д. і да т.п., прызначэнне адной пазачарговай сесіі «парламента», затым другой ...

Мне было зразумела, што Лукашэнка прызначыць выбары датэрмінова. Зразумела было, што дата выбараў будзе набліжаная да 25 снежня, гэта значыць да калядных святаў на Захадзе. Логіка таксама зразумелая: хуценька заткнем рот Захаду - не захочуць яны падымаць шум перад вакацыямі, а потым і Расея сыдзе ў святы, вось Лукашэнка і ўтрымаецца. Не ўлічыў ён аднаго: большасць беларусаў, як напісаў расейскі часопіс «Новая политика», хочуць увайсці ў Новы год з новым прэзідэнтам.

Мяне дата задавальняе. Усё па прагнозе. Збор подпісаў і агітацыя прыпадае на восень. Студэнты ў гарадах, надвор'е радуе.

Акрамя таго, выбары ў снежні азначаюць, што Лукашэнка не мае ілюзіяў дамовіцца з кіраўніцтвам Расеі, напрыклад аб коштах на энерганосьбіты. Ён ведае, што пры ім ўзровень жыцця народа ў наступным годзе рэзка пагоршыцца.

Апазіцыя гатовая змяніць ўладу, і, паверце, у нас вельмі высокая ступень каардынацыі. Усе гатовыя адстойваць на вуліцы вынікі выбараў, якія відавочна будуць не на карысць Лукашэнкі.

- Якое зараз рэальнае становішча справаў у краіне?

- Лукашэнка перасварыўся з усімі суседзямі і партнёрамі. Яго «эканамічны цуд», заснаваны на танных расейскіх энерганосьбітах, пацярпеў крах. Узровень жыцця беларусаў пагаршаецца, хутка расце адмоўнае сальда ў знешнім гандлі, імкліва павялічваецца знешні доўг Беларусі. У яго няма адказаў на выклікі часу, і каб утрымацца ва ўладзе, ён звяртаецца да выпрабаваных метадаў - уціску незалежнай прэсы, запалохвання народа. Але за 16 гадоў людзі стаміліся ад яго кіравання.

Перамены ў Беларусі неабходныя ўсім - ад працоўных да чыноўнікаў. Гатоўнасць грамадства да пераменаў адчуваецца фізічна і псіхалагічна.

- Вы ўзначальваеце кампанію «Еўрапейская Беларусь», якая ставіць сабе за мэту ўступленне краіны ў ЕЗ. Вы не ўяўляеце Расею і Беларусь у складзе адзінай дзяржавы? Чаму? Якімі Вы бачыце ў перспектыве двухбаковыя стасункі?

- Расея і Беларусь заўсёды былі і застануцца суседзямі і партнёрамі. Мы патрэбныя Расеі, гэтак жа як і яна нам. Гісторыя «саюзнай дзяржавы» - гэта гісторыя канфліктаў. Я не бачу ніякіх перашкодаў вырашаць пытанні двухбаковых стасункаў без штучна створанай надбудовы «саюза». Больш за тое, на мой погляд, «саюз» выкарыстоўвалі нядобрасумленныя чыноўнікі і бізнесмены для ўласнай выгады, а не для карысці двух народаў. У перспектыве я бачу стасункі Беларусі і Расеі як стасункі стратэгічных партнёраў, якія рухаюцца да еўрапейскіх стандартаў і выконваюць дамоўленасці. Дарэчы, у рэалізацыі гэтых еўрапейскіх стандартаў Расея пайшла далёка наперад у параўнанні з Беларуссю.

- Хоць ёсць і незадаволеныя прэзідэнтам, шмат каму асоба Лукашэнкі ўяўляецца безальтэрнатыўнай, як кажуць беларусы: «Выбіраць ўсё роўна больш няма каго». Ці можна змяніць гэтую сітуацыю?

- Выдатным дзяржаўным дзеячам Лукашэнка быў толькі ў дзяржаўных СМІ Беларусі, якія часта тыражавалі і расейская прэса. На самой справе, ён здолеў скарыстацца распадам СССР для сваёй уласнай выгады, але не на карысць народа Беларусі.

Беларусы ва ўсе часы былі разумнымі, грунтоўнымі і гаспадарчымі людзьмі, але толькі пры Лукашэнку чамусьці «высветлілася», што без яго яны ні на што не здольныя. Насельніцтва Беларусі за час кіравання Лукашэнкі скарацілася на 700 тыс. чалавек, але нават пасля гэтага наўрад ці варта думаць, што сярод дзевяці з паловай мільёнаў не знойдзецца ніводнай вартай альтэрнатывы. Пасля развалу Савецкага Саюза ў Беларусі былі значна лепшыя стартавыя пазіцыі, чым ва ўсіх яе суседзяў. Сёння сярэдняя зарплата ў Польшчы ў пяць разоў большая, чым у Беларусі. Вельмі сумніўнае дасягненне для «выдатнага дзяржаўнага дзеяча».

Нягледзячы на ўсе намаганні Лукашэнкі, беларусы не страцілі магчымасць крытычна думаць і цвяроза ацэньваць вынікі яго праўлення. Вось толькі выбараў у нас даўно няма, але змагацца за ўладу мы будзем і шанцы на перамогу вельмі вялікія.

- Расейская апазіцыя нежыццяздольная без падтрымкі звонку. Ці мае беларуская апазіцыя падтрымку ў народзе? Ці гатовыя людзі пайсці на змену палітычнага твару краіны?

- Напэўна, вам лепш вядомыя промахі ці поспехі расейскай апазіцыі. У нас ёсць падтрымка ў народзе. Беларуская апазіцыя праводзіла акцыі пратэсту, у якіх удзельнічалі дзясяткі тысячаў чалавек, і гэта ва ўмовах поўнай інфармацыйнай блакады. У нас няма магчымасці данесці да народа свае прапановы праз радыё, тэлебачанне і шматтыражныя газеты, якія цалкам кантралююцца рэжымам Лукашэнкі. Але мы жывем у 21-м стагоддзі. Аб'ядноўваць прыхільнікаў нам дапамагае Інтэрнэт і іншыя дасягненні цывілізацыі. Імёны апазіцыйных лідэраў, сапраўды, вядомыя сёння не ўсім, але людзі актыўна шукаюць альтэрнатыву Лукашэнку, а з набліжэннем даты выбараў гэтыя працэсы будуць усё больш актывізавацца.

- Нядаўна пры загадкавых абставінах загінуў журналіст Алег Бябенін. Ці вядома Вам што-небудзь пра ход расследавання абставінаў яго смерці?

- Нягледзячы на тое, што адпаведныя органы паспяшаліся абвясціць афіцыйнай версіяй самагубства, яны пачалі разглядаць іншыя версіі. Сяброў Алега ізноў сталі выклікаць у пракуратуру. АБСЕ прыняла прапанову ўладаў накіраваць у Беларусь экспертаў-крыміналістаў. Я спадзяюся, што гэта дапаможа сабраць неабходную інфармацыю, але выявіць праўду мы зможам толькі пасля змены ўлады ў Беларусі.

- Калі выйграеце прэзідэнцкую кампанію, прызнаеце Вы незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі?

- Я супраць прызнання Паўднёвай Асеціі, Абхазіі і Косава. Як дыпламат лічу, што гэта можа справакаваць сур'ёзныя канфлікты ў будучыні. Да прыкладу, і асеціны, і албанцы ужо маюць свае дзяржаўныя ўтварэнні і разлічваць, што Косава і Паўднёвая Асеція застануцца самастойнымі дзяржавамі, не прыходзіцца.

Паверце, для стасункаў Беларусі і Расеі гэтае пытанне не з'яўляецца галоўным. Гэта адгалоскі барацьбы звышдзяржаваў, а мы хочам выбудаваць з Расеяй новыя стасункі. На мой погляд, для Расеі вельмі важна ўсталяваць стратэгічнае партнёрства з Еўрасаюзам. У гэтым плане і Беларусь, і Украіна могуць згуляць ключавую ролю. І ад гэтага выйграюць усе.

Напісаць каментар 64

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках