23 снежня 2024, панядзелак, 9:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як Лукашэнка «разводзіць» расейскіх журналістаў

22

1 кастрычніка беларускі кіраўнік зноў будзе мець зносіны з журналістамі расейскіх СМІ.

Напярэдадні гэтай падзеі газета «Салідарнасць» вырашыла супаставіць некаторыя заявы Аляксандра Лукашэнкі, зробленыя на папярэдніх прэс-канферэнцыях падобнага кшталту, з тым, што ёсць насамрэч.

Каб далёка не хадзіць, зазірнем для пачатку ў 2009 год. Тады Лукашэнка, у прыватнасці, паведаміў расейскім журналістам, што ў Беларусі тры гады таму дэмаграфічная сітуацыя стала змяняцца - «пайшоў значны прырост насельніцтва».

«Салідарнасць» звярнулася да дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь.

2005 год - 9 млн. 800 тыс.

2006 год - 9 млн. 751 тыс.

2007 год - 9 млн. 714 тыс.

2008 год - 9 млн. 690 тыс.

2009 год - 9 млн. 493 тыс.

2010 год (на 1 верасня) - 9 млн. 466 тыс.

Вы тут «значны прырост» хоць дзе-небудзь бачыце? Ці хаця б проста прырост?

Вышэйзгаданая заява дыктатара (як, зрэшты, і многія іншыя) была разлічана на тое, што расейскія журналісты павераць яму на слова і не стануць параўноўваць сказанае хоць бы з афіцыйнай інфармацыяй.

А цяпер, мабыць, самая знакамітая гісторыя, звязаная з адкрыццямі беларускага кіраўніка на сустрэчах з расейскімі журналістамі. У 2006 годзе кіраўнік Беларусі расказаў, што ў калгасе, прададзеным Нацбанку, даяркі атрымліваюць па 600 даляраў за месяц. Газета «Салідарнасць» па гарачых слядах звярнулася тады ў падшэфную гаспадарку Нацыянальнага банка - ААТ «Александрыйскае» - і працытавала словы Лукашэнкі, чым вельмі развесяліла супрацоўніц бухгалтэрыі. Адсмяяўшыся, яны распавялі, што сярэдні заробак у даярак складае каля 600 тысяч рублёў (па тым курсе гэта менш за 300 даляраў).

Тым не менш, на наступнай прэс-канферэнцыі, у 2007 годзе, беларускі кіраўнік «давёў» заробак даярак да 700-800 USD. А на леташняй сустрэчы з расейскімі журналістамі гэтая лічба вырасла ўжо да 1000 даляраў.

На жаль, Нацыянальны статыстычны камітэт не прыводзіць асобных дадзеных па даходах даярак. Але для таго, каб зрабіць высновы, дастаткова азнаёміцца з афіцыйнымі звесткамі аб заробках аграрыяў у цэлым. За студзень-жнівень 2010 года сярэдняя налічаная зарплата ў сельскай гаспадарцы склала 776.541 рубель (каля 250 даляраў па цяперашнім курсе).

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках