24 лiстапада 2024, Нядзеля, 10:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За «фатаграфію» перавышэння хуткасці будзе плаціць уладальнік аўтамабіля

53

Дадзеныя ўсталяваных на трасах камераў фота- і відэорэгістрацыі парушэнняў ПДР будуць служыць падставай для пакарання зухаў.

Пры гэтым у выпадку фіксацыі аўтаномнымі камерамі перавышэння хуткасці адказнасць, за выключэннем некаторых выпадкаў, будуць несці ўласнікі (уладальнікі) транспартных сродкаў. Гэта прадугледжвае Указ № 454 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб мерах, накіраваных на забеспячэнне бяспекі дарожнага руху з выкарыстаннем спецыяльных тэхнічных сродкаў», які размешчаны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Праз месяц пасля афіцыйнага апублікавання ён набудзе сілу, піша «Рэспубліка».

Зафіксаванае парушэнне будзе афармляцца па спрошчанай схеме - без складання пратаколу. На працягу трох дзён уласнік аўтамабіля атрымае па пошце копію пастановы аб прыцягненні да адказнасці. На дакуменце будзе фотавыява машыны ў момант парушэння з указаннем часу, месца і іншых абставінаў.

Шмат каго хвалюе пытанне: што рабіць, калі кіроўца і ўладальнік машыны - розныя людзі, бо ў нас безліч аўтамабіляў запісаныя на сваякоў, а частка выкарыстоўваецца па даверанасці. Машыну могуць папрасіць на час сябры, урэшце, яе могуць скрасці. Паводле ўказа, ва ўладальніка будзе дастаткова часу, каб напісаць у аддзел ДАІ па месцы жыхарства заяву і патлумачыць сваю нязгоду з прыцягненнем да адказнасці. Зрабіць гэта можна будзе на працягу месяца з дня атрымання копіі пастановы аб накладанні адміністрацыйнага спагнання. Тады пастанова аб накладанні адміністрацыйнага спагнання страціць сілу і пачнецца адміністрацыйны працэс.

Важны момант: пры фіксацыі парушэнняў аўтаномнымі фота- і відэакамерамі будзе ўжывацца ніжняя мяжа штрафу. Да прыкладу, за перавышэнне хуткасці ад 20 да 30 кіламетраў у гадзіну прадугледжаны штраф ад 1 да 2 базавых велічыняў. У дадзеным выпадку спагнанне будзе накладацца не вышэй за ніжнюю мяжу.

Ці шмат што зменіцца на дарогах у сувязі з будучымі новаўвядзеннямі? Бадай што, яны не закрануць тых, хто прызвычаіўся ездзіць па правілах. А вось зухі ўжо не сыйдуць ад адказнасці. Загаварыць зубы непрадузятай відэакамеры не атрымаецца. Відавочна, новая прававая база прымусіць кіроўцаў больш асцярожна распараджацца сваім аўтамабілем. Бо калі перадасі ключы іншаму чалавеку (а ён у сваю чаргу з перавышэннем хуткасці патрапіць у аб'ектыў камеры), дык прыйдзецца яшчэ патурбавацца, каб даказаць сваю невінаватасць.

Напісаць каментар 53

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках