Сусветныя зоркі супраць дыктатуры
27- Мікалай Халезін
- 21.01.2011, 10:52
19 студзеня, роўна праз месяц пасля ўзброенага падаўлення мірнай дэманстрацыі ў Менску, у Нью-Ёрку, перад місіяй Рэспублікі Беларусь у ААН, прайшоў мітынг, арганізаваны Беларускім Свабодным тэатрам, нью-ёркскім Public Theater і праваабарончай арганізацыяй Amnesty International.
На скрыжаванні 67-й вуліцы і Лексингтан авеню, перад будынкам, у якім размяшчаецца беларуская місія пры ААН, апоўдні 19 студзеня сабралося больш за 300 чалавек: трупа Беларускага Свабоднага тэатра, амерыканскія зоркі тэатра і кіно, кіраўнікі і валанцёры арганізацыі Amnesty International, прадстаўнікі беларускай дыяспары ў ЗША.
Удзельнікі акцыі перадалі ў офіс беларускай місіі ААН копію петыцыі, якая была накіравана спецыяльным камісару ААН па правах чалавека. У петыцыі, у прыватнасці, гаварылася аб тэрміновым і безумоўным вызваленні ўсіх палітвязняў; аб патрабаванні прызначэння ААН спецдакладчыка па парушэннях правоў чалавека ў Беларусі падчас прэзідэнцкіх выбараў і пасля іх; змяшчаліся настойлівыя патрабаванні тэрмінова забяспечыць прадастаўленне беларускімі ўладамі інфармацыі аб палітвязнях і аказаць ціск на іх для забеспячэння доступу адвакатаў да зняволеных.
На мітынгу выступілі дырэктар Беларускага Свабоднага тэатра Наталля Каляда, мастацкі кіраўнік Public Theater Оскар Юсціс і лаўрэат Пулітцэраўскай прэміі драматург і сцэнарыст Тоні Кушнер. У сваім выступе Наталля Каляда гаварыла аб тым, што «гэтая акцыя арганізаваная не палітыкамі, а людзьмі мастацтва; і калі б палітыкі так жа, як людзі мастацтва, кіраваліся ў сваёй дзейнасці мараллю, а не эканамічнымі і геапалітычнымі інтарэсамі - у Беларусі ўжо даўно не было б дыктатуры».
Тоні Кушнер зачытаў аўдыторыі некалькі лістоў палітзняволеных з беларускіх турмаў, а Оскар Юсціс растлумачыў прысутным, што можа кожны звычайны грамадзянін ЗША зрабіць для таго, каб сітуацыя ў Беларусі змянілася: накіраваць звароты да сваіх сенатараў і кангрэсменаў з патрабаваннем аб правядзенні экстраных слуханняў па Беларусі; падпісаць зварот да прэзідэнта Абамы, з патрабаваннем выступіць з жорсткай заявай па беларускай сітуацыі, і прыняць меры да яе вырашэння; накіраваць лісты ў амбасаду і консульства РБ у ЗША з патрабаваннем аб перадачы інфармацыі беларускім уладам аб неадкладным вызваленні палітвязняў.
Дэманстранты скандавалі лозунгі: «Абама, спыні Лукашэнку!», «ААН, пачынай дзейнічаць зараз!», «Тэрмінова вызваліць палітвязняў!», «Жыве Беларусь!» і г. д.
Інфармацыя пра акцыю пратэсту выйшла на найбуйнейшых сусветных тэлеканалах і на старонках вядучых выданняў, такіх як CNN, BBC, The New York Times і г.д. Падчас правядзення акцыі ў Нью-Ёрку, у Менску прайшла новая хваля арыштаў, і інфармацыя пра гэта маментальна распаўсюджвалася па ўсім свеце дзякуючы вядучым тэлеканалам і радыёстанцыям.
Выступленне мастацкага кіраўніка Public Theater Оскара Юсціса
Актор і драматург Аарон Ландсман з сынам
Выступленне лаўрэата Пулітцэраўскай прэміі драматурга Тоні Кушнера
Акторка Мэгі Бофил, прадзюсер Марк Расэл і Аарон Ландсман з сынам
Актрыса Беларускага Свабоднага тэатра Марына Юрэвіч
Тоні Кушнер, Наталля Каляда і Оскар Юсціс
Акцёр Джэй О. Сандэрс, актрыса Лінда Эманд і Тоні Кушнер
Тоні Кушнер дае інтэрв'ю тэлеканалу CNN
Удзельнікі трупы Свабоднага тэатра: Арцём Жалязняк, Наталля Каляда, Уладзімір Шчэрбань і Мікалай Халезін