Акцыя салідарнасці ў Менску (онлайн)
83- 30.01.2011, 18:24

Акцыя салідарнасці пачалася ў 18-00 каля цэнтральнага ўваходу ў будынак КДБ у Менску.
18:00 Некалькі дзясяткаў мінчан, у тым ліку, актывісты "Еўрапейскай Беларусі", сваякі і сябры палітзняволеных, прыйшлі да будынку КДБ, каб выказаць салідарнасць з арыштаванымі кандыдатамі ў прэзідэнты, журналістамі і актывістамі дэмакратычнага руху. Яны ўзнялі партрэты Андрэя Саннікава, Мікалая Статкевіча, Анатоля Лябедзькі. Супрацоўнікі міліцыі практычна адразу вырвалі партрэты і затрымалі частку ўдзельнікаў акцыі.
Міліцыя затрымала каля 10 чалавек, перадае Радыё Свабода. Сярод іх актывісты "Еўрапейскай Беларусі" Кацярына Людвіг, Паліна Кур'яновіч, Зміцер Бойка і Максім Вінярскі, перадае прэс-служба "Еўрапейскай Беларусі". Арыштамі кіруе палкоўнік Яўсееў.
Як паведамляе Радыё Рацыя, затрыманая жонка Мікалая Статкевіча - Марына Багдановіч.
Прыйшла маці аднаго з вязняў - Алена Ліхавід. Яе хацелі затрымаць, але людзі адбілі яе ў міліцыянтаў. Міліцыянты паводзяць сябе груба і папярэджваюць, што акцыя "несанкцыянаваная". Таксама на месца акцыі прыгналі трактар для чысткі вуліцы.
Акцыя працягваецца.
18:30 Пад'ехаў аўтазак, пастаяў некалькі хвілін і ад'ехаў. На месцы засталіся ўдзельнікі акцыі і міліцыянты, перадае Радыё Свабода.
18:40 Акцыя скончылася.




Фота: svaboda.org
Нагадаем, у турмах за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў прэзідэнта 19 снежня, усё яшчэ знаходзіцца не менш як 30 чалавек. Сярод іх: кандыдаты ў прэзідэнты Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч, Аляксей Міхалевіч, сябры штабоў кандыдатаў Зміцер Бандарэнка, Аляксандр Фядута, Анатоль Лябедзька, Сяргей Марцалеў, Павел Севярынец, Аляксандр Арастовіч, журналіст Аляксандр Атрошчанкаў, актывісты Анастасія Палажанка, Зміцер Дашкевіч і шматлікія іншыя.