КДБ ўзгадаў пра Алега Бябеніна?
- 6.01.2011, 2:39
КДБ выклікае на допыт журналістку тэлеканала Белсат, што здымае фільм пра журналістаў, якія загінулі.
Вікторыю Колчыну па тэлефоне выклікалі на допыт у КДБ 6 студзеня ў 12.00. Ёй патлумачылі, што хочуць "пагаварыць наконт Зміцера Бандарэнкі".
Зміцер Бандарэнка - давераная асоба Андрэя Саннікава і сябар Алега Бябеніна. Ён быў арыштаваны ў ноч з 19-га на 20-га снежня і цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
Паводле інфармацыі charter97.org, адразу пасля расправы над мірнымі дэманстрантамі, якія пратэставалі супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, пракуратура пачала дадатковую праверку па факце смерці заснавальніка сайта chasrter97.org Алега Бябеніна. На гэты раз была прадпрынятая спроба ўзбудзіць крымінальную справу па артыкуле 145 "Давядзенне да самагубства".
Але, як паведаміла агенцтву "Інтэрфакс-Захад" 5 студзеня памочнік пракурора Менскай вобласці Таццяна Калініна, "ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце смерці Алега Бябеніна адмоўлена паўторна".
Нагадаем, 3 верасня цела апазіцыйнага журналіста было знойдзенае на ягоным лецішчы ў вёсцы Пярхурава. Сябры і калегі Алега сумняваюцца ў афіцыйнай версіі "самагубства" і патрабуюць незалежнага ўсебаковага расследавання смерці кіраўніка вядучага апазіцыйнага сайта.