Бабруйск: Кірмашом па Народным сходзе
17- 6.10.2011, 10:38
Аб тым, што мясцовыя дэмакратычныя актывісты збіраюцца праводзіць Народны сход у раёне гандлёвага цэнтра «Вестар», у Бабруйску ведаюць усе, у тым ліку улады.
Сябра аргкамітэта Віктар Бузінаеў нават даслаў супрацоўнікам міліцыі і прадстаўнікам «вертыкалі» на яго лісты з запрашэннямі, перадае ПЦ «Вясна».
Улады адрэагавалі традыцыйна - абвясцілі, што на пляцоўцы ля «Вестара» 8 кастрычніка адбудзецца кірмаш «Бабруйская восень». Нагадаем, што рознага кшталту святочныя кірмашы аддзел культуры праводзіў і ўлетку на плошчы па серадах, каб пратэстоўцы «згубіліся» у масоўцы.
Характэрна, што гэтакі кірмаш праводзіцца ў горадзе ўжо не першы год, але раней яго размяшчалі ў раёне цэнтральнага рынку. Гандаль будзе ісці цэлы дзень - з 10:00 да 17:00.
Віктар Бузінаеў рэагуе на гэтую навіну дастаткова аптымістычна.
-Тое, што будзе кірмаш, мяне не здзівіла, - усміхаецца Віктар. - Раней яны плошчу «мініравалі», зараз гандляваць будуць. Прычым вырашылі гэта літаральна за пару дзён. Думаю, гэта будзе нам плюсам, бо людзі прыйдуць на Сход і будуць адчуваць сябе ў бяспецы. Калі што, змогуць сказаць, што ішлі купляць бульбу!
Таксама бабруйскі дэмактывіст адзначыў, што на дадзены момант сябрамі аргкамітэта сабрана неабходная колькасць подпісаў для правядзення Народнага сходу.