2 траўня 2024, Чацвер, 6:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія спецслужбы шпіёняць у Польшчы (Відэа)

32
Беларускія спецслужбы шпіёняць у Польшчы (Відэа)

Беларускія спецслужбы актыўна спрабуюць вербаваць моладзевых актывістаў для шпіянажу ў Польшчы.

Менавіта гэтая тэма стала падставай для прэс-канферэнцыі, якая адбылася 8 лістапада ў Варшаве. Яна была арганізаваная грамадзянскай кампаніяй «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» і Беларускім Домам ў Варшаве, паведамляе «Еўрарадыё».

Удзел у ёй прынялі маладыя беларусы, адміністратары і актывісты супольнасцяў у сацыяльных сетках, якім беларускі КДБ прапаноўваў супрацоўнічаць.

«На працягу трох месяцаў, улетку я займаўся рэвалюцыяй праз сацыяльныя сеткі разам з Вячаславам Дыянавым. Я займаў пасаду прэс-сакратара. У верасні вырашыў паехаць у Беларусь. На наступны дзень пасля прыезду да мяне ў кватэру ўварвалася група захопу «Алмаз» і пяць супрацоўнікаў КДБ», - распавёў прэс-сакратар суполкі «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» Уладзімір Кумец.

У ордэры, які паказалі сілавікі, было напісана, што справа зусім не тычыцца палітыкі. У дакуменце сцвярджалася, што брат Уладзіміра абвінавачваецца ў спробе забойства і супраць яго распачатая крымінальная справа. Спецслужбы пачалі схіляць Кумца да супрацоўніцтва з імі, па ягоных словах, шантажавалі.

«Вось твой брат і ты. Ты хочаш, каб ён быў на волі, ты сам хочаш быць на волі. Падумай, што ты павінен зрабіць. Яны мне сказалі: «ты будзеш даваць нам інфармацыю»! Іх цікавіла толькі тэма рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі і Дыянаў. Як ён жыве, што ён есць, што п'е, якія крамы наведвае», - кажа Кумец.

Не менш цікавую гісторыю распавёў адміністратар суполкі Вконтакте «Надакучыў нам гэты Лукашэнкі» Максім Чарняўскі.

«Пасля першай акцыі рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі мяне выклікалі ў КДБ. Сказалі, што на прафілактычную размову, але апынулася, што выклікалі на допыт. Доўжыўся ён пяць гадзін, а праводзілі яго чатыры чэкіста. Калі яны пачалі казаць, што ў маіх родных паўстануць праблемы, я пагадзіўся на супрацоўніцтва. Аднак адразу для сябе я вырашыў, што буду весці падвойную гульню», - распавёў Чарняўскі.

На прэс-канферэнцыі прысутнічаў экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Алесь Міхалевіч. Тэма вербовок спецслужбамі для яго таксама не чужая. Алесь упэўнены, што аб спробах вярбоўкі КДБ трэба казаць як мага часцей, тым больш, што ён сам выдатна памятае пра размовы і допыты ў «амерыканцы».

«Гэтыя ўспаміны даволі свежыя. Мне вельмі прыемна, што чарговыя людзі распавялі аб такіх дзеяннях спецслужбаў. Мы павінныя пра гэта распавядаць, таму што іншага метаду барацьбы няма. Адзін з тых людзей, які пасля майго вызвалення заставаўся ў следчым ізалятары, распавядаў, што пасля майго ад'езду начальнік ізалятара ўзгадваў справу Літвіненкі і казаў пра тое, што ў КДБ доўгія рукі. Але ніхто не прыдумаў больш дзейснага метаду, як пра гэта распавядаць», - упэўнены Міхалевіч.

Удзельнікі прэс-канферэнцыі праз сродкі масавай інфармацыі даслалі кіраўніцтву Польшчы паведамленне, у якім прасілі звярнуць увагу на тое, што на тэрыторыі Польскай Рэспублікі могуць знаходзіцца супрацоўнікі беларускіх спецслужбаў.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках