Цэнзура не прапусціла карціны аб'яднання «Пагоня»
22- 11.03.2011, 19:32
Сёння ў Менску адкрылася выстава суполкі "Пагоня". Шэсць работ з яе экспазіцыі былі знятыя напярэдадні з ідэалагічных меркаванняў.
Як паведаміў «Нашай Ніве» старшыня аб'яднання мастак Аляксей Марачкін, не дазволілі выстаўляць ягоныя дзве карціны, тры плаката Уладзіміра Крукоўскага і палатно Віктара Мікіты. На пяці работах прысутнічае нацыянальная сімволіка - бел-чырвона-белы сцяг ці герб «Пагоня». А карціна Марачкіна «Прывіды (пераможцы)» прысвечаная падзеям 19 снежня 2010 года.
Хто выступіў у ролі цэнзараў? «Кіраўніцтва Саюза мастакоў», - адзначыў Аляксей Марачкін.
Ён не стаў удакладняць прозвішчы. Узначальвае ж арганізацыю Уладзімір Савіч. Ягоныя намеснікі - Сяргей Цімохаў і Рыгор Сітніца.
Выстава прымеркаваная да 20-годдзя аб'яднання «Пагоня». На ёй выстаўленыя работы мастакоў Баталёнка, Драздова, Назарчука, Маркаўца, Купавы, Цыркунова і іншых. Працаваць «Пагоня» будзе да 27 сакавіка ў менскім Палацы мастацтва (вул. Казлова, 3).
Аляксей Марачкін. Прывіды (пераможцы). У арыгінале палатно каляровае.