Еўракамісія: ЕЗ гатовы разгледзець ўвядзенне эканамічных санкцый супраць Лукашэнкі
51- 15.03.2011, 19:09
Аб гэтым заявіў еўракамісар па рэгіянальнай палітыцы Ёханэс Хан.
«Еўрапейскі Звяз будзе абмяркоўваць магчымасць дадаць ў існуючы санкцыйны спіс новыя імёны людзей, адказных за апошнія судовыя прысуды і нядаўнія рэпрэсіі. ЕЗ гатовы разгледзець далейшыя кропкавыя меры ва ўсіх галінах супрацоўніцтва», - з такой заявай на дэбатах у Еўрапарламенце 10 сакавіка выступіў еўракамісар па рэгіянальнай палітыцы Ёханэс Хан (Johannes Hahn), перадае «Еўрарадыё».
Па ягоных словах, Еўракамісія чакала, што судовыя прысуды могуць быць жорсткімі:
«На жаль, пагаршэнне сітуацыі ў Беларусі нас не здзіўляе. Шырокамаштабныя затрыманні і пераслед кандыдатаў у прэзідэнты, актывістаў пасля выбараў прымусілі чакаць жорсткіх прысудаў. І мы турбуемся аб тым, што ў бліжэйшыя месяцы будуць вынесеныя іншыя падобныя прысуды ў дачыненні да прыблізна 40 чалавек».
Ёханэс Хан нагадаў, што Еўракамісія прыняла рашэнне павялічыць дапамогу грамадзянскай супольнасці ў 4 разы - да 15,6 млн еўра на перыяд 2011-2013 гг., якая павінная падтрымаць незалежныя СМІ і студэнтаў, уключаючы Еўрапейскі гуманітарны універсітэт у Вільні.
Акрамя таго, ЕЗ вылучае 1,7 млн еўра на тэрміновую падтрымку пацярпелым ад рэпрэсій, іхнім сем'ям і грамадзянскай супольнасці. Перш за ўсё яна будзе выяўляцца ў прававой падтрымцы пацярпелым, недзяржаўным арганізацыям і грамадзянскім кампаніям, дадаў еўракамісар.