24 снежня 2024, aўторак, 3:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яўген Афнагель: «Байкот - адзіная адэкватная рэакцыя на палітыку рэжыму»

10
Яўген Афнагель: «Байкот - адзіная адэкватная рэакцыя на палітыку рэжыму»

Пакуль за кратамі знаходзяцца лідэры нацыі, ніякага дыялогу з уладамі быць не можа.

Група беларускіх палітыкаў і грамадскіх дзеячоў выступіла напярэдадні з маніфестам, галоўны тэзіс якога - негвалтоўны супраціў нелегітымнай улады і актыўны грамадзянскае супрацьстаянне ўсім дзяржаўным інстытутам. Госць «Радыё Свабода» - каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель.

- Хто стаіць за маніфестам? Гэта ініцыятыва некалькіх чалавек ці нешта большае?

- Гэта больш, чым ініцыятыва некалькіх чалавек, таму што ідэя байкоту з'явілася ў беларускім грамадстве, напэўна, адразу пасля падзей 19 снежня. Таму што ўсе грамадзяне краіны, якія галасавалі за альтэрнатыўных кандыдатаў, былі вельмі абураныя той жорсткай рэакцыяй уладаў на мірную дэманстрацыю пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў. І я думаю, што гэта адзіная адэкватная рэакцыя на тую палітыку, якую цяпер праводзіць ўлада. Гэта хутчэй не наша ініцыятыва, а рэакцыя на тыя настроі, якія цяпер пераважаюць у грамадстве.

- Ці каардынавалі вы свой маніфест з іншымі апанентамі рэжыму Лукашэнкі?

- Наша пазіцыя заключаецца ў тым, што ў той час, пакуль сапраўдныя лідэры нацыі знаходзяцца за кратамі, тыя людзі, якія падтрымалі іх на выбарах, знаходзяцца за кратамі, ісці на супрацоўніцтва з рэжымам, які парушыў усе законы, якія можна парушыць, - гэта проста амаральна і таксама незаконна. Таму мы адмаўляем саму ідэю дыялогу з уладамі, сёння, калі за кратамі знаходзяцца лідэры апазіцыі, актывісты апазіцыйных арганізацый. Але мы разумеем, што ёсць шэраг палітыкаў, якія, хутчэй за ўсё, на гэта не пойдуць, таму што яны настроеныя на супрацоўніцтва з уладай.

- Ці рэальна, каб апаненты беларускай улады выбралі адну стратэгію і дамовіліся весці ўзгодненыя сумесныя дзеянні?

- Па-першае, мы павінныя задаць сабе пытанне, хто ёсць апаненты дзеючай улады. Таму што можна на словах быць апанентам, але пры гэтым рабіць крокі, што выгадныя уладзе. Можна казаць, што ты знаходзішся ў апазіцыі, але пры гэтым заклікаць міжнародную супольнасць супрацоўнічаць з рэжымам. Я не лічу, што такія людзі і такія палітыкі ёсць апаненты ўлады і з'яўляюцца апазіцыяй. Я ўпэўнены, што сапраўдная апазіцыя, сапраўдная апазіцыя Лукашэнкі, якая дамагаецца хуткіх пераменаў і больш хуткай змены ўлады, зможа аб'яднацца вакол стратэгіі байкоту.

І, па-другое, гэта пакуль яшчэ не стратэгія, гэта хутчэй прапанова, і мы гэтым артыкулам заклікаем усіх людзей, якім не абыякавы лёс краіны, якія падтрымалі апазыцыю на выбарах, якія выйшлі на Плошчу, да абмеркавання стратэгіі, для ўнясення ў яе сваіх прапаноў, крытыкі і т. д. І вось тады, пасля гэтага абмеркавання, ужо будзе выпрацаваная сапраўдная стратэгія з удзелам больш шырокага кола.

- Назіральнікі звяртаюць увагу на тое, што найноўшая гісторыя краіны не ведае эфектыўных кампаній байкоту. Ці ёсць больш-менш даеладнае, рэальнае ўяўленне падпісантаў маніфэсту, як на гэты байкот актывізаваць законапаслухмяных, апалітычных беларусаў?

- Я катэгарычна не згодзны, што ў гісторыі Беларусі не было эфектыўных кампаній байкоту. Узгадаем выбары ў парламент у 2000 годзе, калі пасля закрыцця выбарчых участкаў (а апазіцыя тады заклікала да байкоту) нават дзяржаўныя СМІ перадалі, што ў буйных гарадах людзі не прыйшлі на галасаванне, выбары не адбыліся. І толькі праз некалькі гадзін гэтая сітуацыя была перайграная і паведамілі, што выбары адбыліся. Гэта значыць, што тады, калі апазыцыя ставіла сваёй мэтай непрызнанне выбараў Захадам, кампанія байкоту атрымалася.

Другі прыклад, які можна прывесці, гэта апошнія выбары ў парламент. Там, на жаль, не атрымалася выпрацаваць агульнай пазіцыі для апазіцыі. Частка апазіцыя прымала ўдзел у выбарах, частка - не. Але напярэдадні выбараў склалася такая сітуацыя, што калі б усе апазіцыйныя кандыдаты знялі свае кандыдатуры, то на палове участкаў выбары былі б безальтэрнатыўныя і мы б змаглі прадэманстраваць усяму свету, што ў Беларусі выбараў няма. Таму па-першае, кампанія байкоту атрымлівалася, альбо цалкам, альбо часткова. І не адзін раз. Па-другое, мы ставілі сваёй мэтай уцягнуць у кампанію як мага больш шырокае кола людзей. І як раз такі пасіўны супраціў, які не патрабуе ад кожнага выхаду на вуліцы і нейкіх іншых актыўных дзеянняў, можа аб'яднаць вельмі-вельмі шмат тых, хто падтрымлівае апазіцыю і не любіць гэтую ўладу. А такіх людзей, я перакананы, у краіне зараз большасць.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках