Актывісты «Еўрапейскай Беларусі» пікетавалі канферэнцыю з удзелам Раманчука (Фота)
16- 23.03.2011, 14:41
Сёння 23 сакавіка ў Варшаве актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» правялі акцыю пратэсту каля гатэля «Брысталь».
Падставай для пратэсту стала канферэнцыя пад назвай «як дэмакратызаваць Беларусь», арганізаваная польскім інстытутам Міжнародных сувязей і брытанскай амбасадай у Варшаве, паведамляе прэс-служба «Еўрапейскай Беларусі».
Сама сабой канферэнцыя як канферэнцыя, якіх дзясяткі праходзіць у Польшчы, ды і па ўсёй Еўропе. Абурэнне выклікала іншае - склад удзельнікаў, якія прадстаўлялі дэмакратычныя сілы Беларусі. А менавіта «лідэр дэмакратычных сіл Беларусі» (як ён па-ранейшаму сябе ўяўляе) Аляксандр Мілінкевіч, і былы кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Яраслаў Раманчук.
Многія людзі, якія прыйшлі на канферэнцыю, былі ў здзіўленні, як можна запрашаць хоць бы таго ж Раманчука і даваць яму слова, пасля той подласці, якую ён здзейсніў. Няўжо беларускія дэмсілы не могуць прадстаўляць больш годныя людзі? Бо Раманчук здрадзіў не толькі сваім калегам і паплечнікам, ён здрадзіў усёй дэмакратычнай супольнасці.
Актывісты прынеслі з сабой партрэты людзей, якія зараз знаходзяцца за кратамі і якім так цынічна і паклёпніцкі здрадзіў Раманчук.
Пасля пачатку канферэнцыі каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бародка задаў Раманчуку адзінае простае пытанне: ці ёсць у яго сумленне? На што так і не атрымаў адказу. Пасля гэтага некаторыя ўдзельнікі ў знак пратэсту проста пакінулі залу пасяджэнняў.