23 снежня 2024, панядзелак, 1:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэю Саннікаву прад'явілі абвінавачванне (Абноўлена)

84
Андрэю Саннікаву прад'явілі абвінавачванне (Абноўлена)

Абвінавачванне жахлівае і недарэчнае, як і ўсе рэпрэсіі, развязаныя дыктатарскім рэжымам.

«Кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Андрэй Саннікаў абвінавачваецца ў арганізацыі масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, знішчэннем маёмасці і ўзброеным супраціве прадстаўнікам улады», - паведамілі ў МУС Беларусі. На думку следства, віна Саннікава «цалкам даказаная атрыманымі ў ходзе расследавання крымінальнай справы доказамі». Пасля азнаямлення Саннікава і ягоных абаронцаў з матэрыяламі крымінальнай справы, яна будзе перададзеная ў пракуратуру г. Менска для накіравання ў суд.

У аўторак з палітвязнем змаглі сустрэцца ў СІЗА КДБ ягоныя адвакаты Марына Кавалеўская і Андрэй Варвашэвіч. Сёння абаронцы прысутнічалі на следчых дзеяннях з удзелам Андрэя Саннікава.

Марына Кавалеўская і Андрэй Варвашэвіч не інфармаваныя аб завяршэнні папярэдняга расследавання ў дачыненні да іхняга падабароннага.

«У абароны Андрэя Саннікава няма інфармацыі аб завяршэнні следства», паведамілі адвакаты.

Як паведамілі адвакаты сайту charter97.org, палітык пакутуе на падагру і атыт. Медыцынская дапамога яму надаецца, наколькі гэта магчыма ва ўмовах СІЗА КДБ. Выглядае Саннікаў, па словах абаронцаў, «здавальняюча».

Андрэй Саннікаў казаў, што ўсіх вельмі любіць, дзякаваў за падтрымку. Вядома, складана ў такіх умовах, але ён спадзяецца на лепшае, кажа абаронца.

Сёння Марынай Кавалеўскай і Андрэем Варвашэвічам было пададзенае хадайніцтва на імя пракурора Менска аб спыненні ў дачыненні да Андрэя Саннікава крымінальнага пераследу і аб змене меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту на больш мяккую. Змест хадайніцтваў не можа быць разгалошаны ў сувязі з тым, што можа складаць таямніцу следства.

Нагадаем, што пад «масавымі беспарадкамі» рэпрэсіўны беларускі апарат разумее правакацыю, якую здзейснілі спецслужбы, падчас мірнай акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. Было разбіта шкло ў дзвярох Дома ўрада. Пасля гэтага па Беларусі пракацілася хваля масавых рэпрэсій: арышты кандыдатаў у прэзідэнты, актывістаў іхніх выбарчых штабоў, журналістаў, праваабаронцаў, моладзевых лідэраў. Ператрусы прайшлі ў рэдакцыях практычна ўсіх незалежных СМІ і офісах дэмакратычных і праваабарончых арганізацый. Арышты працягваюцца да гэтага часу. Многія актыўныя грамадзяне вымушаныя былі бегчы з краіны. Сёння праходзяць судовыя расправы над палітвязнямі, іх прысуджаюць да турэмных тэрмінаў у 3-4 гады ўзмоцненага рэжыму. У СІЗА КДБ, хатнім арыштам і падпіскай аб нявыездзе застаюцца многія аўтарытэтныя людзі краіны, уключаючы кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава, Мікалая Статкевіча, Уладзіміра Някляева, журналістку Ірыну Халіп, лідэра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку, лідэра партыі БХД Паўла Севярынца, прэс-сакратара кандыдата ў прэзідэнты Саннікава Аляксандра Атрошчанкава, рэдактарку сайта charter97.org Наталлю Радзіну, лідэраў «Маладога Фронту» Зміцера Дашкевіча і Анастасію Палажанка і многіх іншых.

Напісаць каментар 84

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках