24 лiстапада 2024, Нядзеля, 0:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ірына Губская абвесьціла на Акрэсьціна сухую галадоўку

3
Ірына Губская абвесьціла на Акрэсьціна сухую галадоўку

Рэгіянальная каардынатарка БХД Ірына Губская, якая зьяўлялася заяўніцай акцыі на Дзень Волі і была затрыманая 25 сакавіка, зараз знаходзіцца ў ІЧУ на зав. Акрэсьціна і, верагодна, абвесьціла там сухую галадоўку.

Ірына Губская 25 сакавіка была затрыманая прэвентыўна ў 17.45 на праспэкце Незалежнасьці каля рэдакцыі газэты «Вячэрні Менск» разам зь іншымі актывісткамі, таксама сябрамі БХД Тацянай Кім і Ганнай Шапуцькай. Іх завезьлі ў Цэнтральны РАУС быццам бы для высьвятленьня асобаў. Там на Ірыну быў складзены пратакол, пра што яна паведаміла праз смс адказнаму сакратару БХД Дзянісу Садоўскаму. На жаль, Губская не паведаміла, у чым канкрэтна яе абвінавачваюць, паведамояе прэс-служба БХД.

Зараз Ірына знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсьціна. Сябры БХД спрабавалі перадаць ёй перадачу з вадой і рэчамі першай неабходнасьці. Перадачу спачатку прынялі, але пасьля патэлефанавалі з просьбай забраць яе назад, бо Губская адмаўляецца ад гэтай перадачы. На пытаньне, ці не абвесьціла яна галадоўку, прадстаўнік Акрэсьціна груба адказаў: "А гэта ўжо ня вашая справа".

Паводле праваабаронцаў, 25 сакавіка агулам было затрымана каля 70 чалавек. Большасьць зь іх былі адпушчаныя без складаньня пратаколаў праз 3 гадзіны, адведзеныя заканадаўствам для разьбіральніцтва. У менскую турму на Акрэсьціна былі дастаўленыя толькі Ірына Губская, а таксама Віктар Івашкевіч і Мікола Дземідзенка. Суды на імі, хутчэй за ўсё, адбудуцца ў панядзелак 28 сакавіка.

Нагадаем, рэгіянальна каардынатарка аргкамітэту БХД Ірына Губская была адной з заяўнікаў правядзеньня шэсьця і мітынгу 25 сакавіка, якія дэмакратычныя актывісты супольна хацелі правесьці з нагоды Дня Волі ў цэнтры Менску. Падчас апошняга наведваньня Менгарвыканкама з прычыны адмовы ў правядзеньні гэтай акцыі сумнавядомы намеснік начальніка ГУУС Менгарвыканкама Ігар Яўсееў асабіста абяцаў затрымаць і пасадзіць на суткі яе і лідэра Маладога Фронту Дземідзенку, паведамляе прэс-служба БХД.

Ірына Губская была таксама затрыманая падчас мірнай акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыяў вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 года ў Менску. Тады яна была прысуджаная да 10 сутак адміністратыўнага арышту, першыя 5 зь якіх трымала сухую галадоўку на знак пратэсту супраць зьбіцьця падчас затрыманьня і адмовы ў дапамозе адваката.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках