Іосіф Сярэдзіч: Брахуна Кастусёва пацягну ў суд
48- 7.03.2011, 16:24
На сайтах з'явілася інфармацыя БелаПАН са з'езду гомельскай абласной арганізацыі Партыі БНФ.
На ім экс-кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў сказаў, што напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў яго спрабавалі зганьбіць, публікавалі на яго пасквілі, прычым не ўладныя структуры. «У «Народнай волі ў адным толькі нумары былі толькі два такія артыкулы ў мой адрас, - заявіў Кастусёў. - Мы з Аляксеем Янукевічам былі ў Сярэдзіча, размаўлялі з ім, але Сярэдзіч сказаў адкрыта, маўляў, давайце грошы і мы апублікуем артыкул, які вы замовіце. Гэта што - нармальна?».
Выказванне Кастусёва галоўны рэдактар «Народнай волі» Іосіф Сярэдзіч пракаментаваў так:
- Да апошняга часу гісторыя Шклова ведала ілже-Дзмітрыя. Зараз вось з'явіўся яшчэ адзін ілжэц-Кастусёў. Так мог сказаць чалавек, які не памятае, што ён еў на сняданак. Таму што канчаткова выжыў з розуму. Ні аб якіх грошах я з ім увогуле не размаўляў, як ніколі не размаўляў на гэтую тэму з іншымі кандыдатамі ў прэзідэнты. За паклёп, за хлусню абавязкова пацягну Кастусёва ў суд. І ён ніколі больш не з'явіцца на ганку рэдакцыі.