Беларускія чыноўнікі паедуць у Еўропу супакойваць інвестараў
13- 11.04.2011, 16:59
Прадстаўнікі кіраўніцтва Мінфіна, Нацбанка і Мінэканомікі плануюць правесці шэраг сустрэч з еўрапейскімі інвестарамі ў беларускія еўрабонды з мэтай супакоіць рынак.
Пра гэта "Інтэрфакс Захад" паведаміла крыніца ў дзяржорганах.
"На гэтым тыдні кіраўніцтва асноўных эканамічных ведамстваў - Мінфіна, Нацбанка і Мінэканомікі мае намер правесці шэраг сустрэч з інвестарамі-трымальнікамі беларускіх еўрааблігацый", - сказала крыніца.
Яна нагадала, што раней Мінфін і Нацбанк выпусцілі прэс-рэлізы з мэтай супакоіць удзельнікаў рынку, занепакоеных значнай валацільнасцю беларускіх папер з-за зніжэння суверэнных рэйтынгаў Беларусі. Таксама былі разасланыя лісты ў замежныя агенцтвы па страхаванні экспарту.
Па дадзеных катыровак на 11 красавіка, выпуск Belarus15 на $1 млрд гандлюецца на другасным рынку са стаўкай 10,8% гадавых (стаўка размяшчэння 8,75%), Belarus18 на $800 млн - 10,9% гадавых (8,95%). У сярэдзіне сакавіка прыбытковасць беларускіх папер на другасным рынку дасягала 12,3-12,5% гадавых.
Як паведамлялася, у сувязі са зніжэннем золатавалютных рэзерваў і ростам дэфіцыту знешняга гандлю Беларусі Standard&Poor's 15 сакавіка панізіла яе доўгатэрміновы крэдытны рэйтынг па абавязацельствах у замежнай валюце з ўзроўню "В+" да "В" з "негатыўным" прагнозам.
Moody's Investors Service 30 сакавіка таксама знізіла крэдытны рэйтынг Беларусі на адну прыступку - з B1 да B2, прагноз "негатыўны".