24 снежня 2024, aўторак, 21:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Някляев: Канвеер пераследу трэба спыніць

71
Уладзімір Някляев: Канвеер пераследу трэба спыніць

Заяву Уладзіміра Някляева сёння зраніцы перадала яго жонка Вольга.

"З пракуратуры горада Мінска мне дасланы дакумент, у якім паведамляецца, што крымінальная справа №11011110141, заведзеная ў дачыненні да мяне па ч.1 арт. 342 КК Рэспублікі Беларусь, скіраваная ў Мінскі гарадскі суд для вызначэння тэрытарыяльнай падсуднасці.

Следства па справе завершанае. Няма чаго хаваць у ягоных «таямніцах». У дадатку да дасланага дакумента мне растлумачана, што ў адпаведнасці з арт. 266 КПК Рэспублікі Беларусь непасрэдна ў Мінскі гарадскі суд я павінен звяртацца цяпер з усялякімі скаргамі і хадайніцтвамі, што я і раблю.

Абвінавачванне, прад'яўленае мне па ч. 1 артыкула 342 «за падрыхтоўку групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак», пагражае пазбаўленнем волі на тэрмін да 3-х гадоў. У параўнанні з абвінавачваннем па ч.ч. 1, 2 артыкула 293, якое прад'яўлялася мне раней, яно значна мякчэйшае. Максімальны тэрмін зняволення зменшаны ў пяць разоў – і можна было б сказаць «дзякуй за ласку», калі б у «Пастанове аб перадачы крымінальнай справы пракурору для накіравання ў суд» не сцвярджалася, што не толькі ў «групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак», а ўвогуле ў выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь браў я ўдзел «с целью... введения со стороны государств Европейского Союза, США и Российской Федерации экономических и политических санкций».

Такога абвінавачвання ні пры якіх умовах, ні за якія «паслабленні», «памякчэнні» ў прысудзе я не магу прызнаць і не прызнаю. Тут пераблытаныя прычыны са следствам. Названыя санкцыі (калі ўвогуле можна назваць іх санкцыямі) уведзеныя зусім не па прычыне масавых беспарадкаў, якіх не было. Яны ўведзеныя па прычыне масавага збіцця мірных грамадзянаў падраздзяленнямі сілавых структур, а таксама па прычыне масавых арыштаў, да чаго я не маю ніякага дачынення. Не я загадваў збіваць людзей і не я загадваў іх арыштоўваць.

Мяне самога ледзь не забілі. За што?..

Нягледзячы на мае просьбы і патрабаванні маіх адвакатаў расследваць спробу замаху на маё жыццё, здзейсненую 19 снежня 2010 года а 19 гадзін 20 хвілін, калі я меў статус кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь і гарантаваную законам недатыкальнасць, гэтага не зроблена. Ні ў крымінальнай справе №10011110362, ні ў выдзеленай з яе крымінальнай справе №1101111014. Вінаватыя ў замаху не выяўленыя, не пакараныя – і нішто не замінае ім паўтарыць спробу. Тым самым парушаныя асноўныя, дадзеныя мне Канстутыцыяй, гарантыі дзяржавы на абарону майго жыцця, што змушае мяне выказацца па сутнасці абвінавачвання.

Я браў удзел у прэзідэнцкіх выбарах не з мэтамі, прыдуманымі ў абвінавачванні, а з адной-адзінай мэтай: стаць Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Гэта не злачынства.

Дзеля таго, каб выбары былі дэмакратычнымі, свабоднымі і справядлівымі, я правёў напярэдадні іх грамадзянскую кампанію «Гавары праўду», якой маральна і матэрыяльна дапамагала еўрапейская дэмакратычная супольнасць. Гэта таксама не злачынства. Як і ўсё астатняе, што інкрымінуецца мне ў цалкам надуманым абвінавачванні, у якім нават спроба замаху на маё жыццё падаецца як сітуацыя, у выніку якой я сам сабе нанёс траўму. Але нават такія «фантазіі» – драбяза ў параўнанні з агульнай канцэпцыяй абвінавачвання, ад якой павявае духам сталінскіх часоў, калі з беларускіх паэтаў ляпілі вобразы ворагаў беларускага народа, польска-нямецкіх шпіёнаў! Гэта наўпрост абражае мяне як чалавека, як паэта, які ўсё, што рабіў у жыцці, рабіў дзеля Беларусі.

На жаль, дамагчыся дэмакратычных выбараў мы не здолелі. Як зафіксавана ў заявах альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты, пададзеных у ЦВК, а таксама ў заявах місіі кароткатэрміновых назіральнікаў АБСЕ і ПА АБСЕ і доўгатэрміновай місіі па назіранні за выбарамі БДІПЧ АБСЕ, прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прайшлі і не свабодна, і не справядліва. Былі сфальсіфікаваныя. Вось гэта – злачынства. Каб публічна заявіць пра яго, я, як адзін з кандыдатаў у прэзідэнты, заклікаў маіх прыхільнікаў на Кастрычніцкую плошчу горада Мінска, дзе традыцыйна, як яно было і ў 2001, і ў 2006 гадах, збіраюцца грамадзяне ў дзень выбараў. Права на свабоду мітынгаў, дэманстрацый і шэсцяў гарантаванае грамадзянам Рэспублікі Беларусь Канстытуцыяй – і яго нельга адмяніць пастановамі ведамстваў, а тым больш нельга забараніць скарыстацца гэтым канстутыцыйным правам у дні, якія ёсць вызначальныя для будучыні дзяржавы і народа.

Апроч права, якое гарантуе мне Канстытуцыя, я абаронены ад пераследу за заклік на Плошчу артыкулам 36 КК Рэспублікі Беларусь. Мае дзеянні цалкам падпадаюць пад палажэнні гэтага артыкула. Праз меншае парушэнне (адміністрацыйнае: удзел у несанкцыяваным мерапрыемстве) я спрабаваў прадухіліць парушэнне большае (крымінальнае: прызнанне справядлівымі несправядлівых выбараў). Разам з іншымі кандыдатамі ў прэзідэнты я збіраўся правесці мітынг, які б прыняў рэзалюцыю з непрызнаннем несправядлівых выбараў і патрабаваннем выбараў новых, справядлівых. У крымінальнай справе няма ніякіх доказаў, што я планаваў нешта іншае. Затое ёсць падмена паняцця «непрызнанне выбараў» паняццем «патрабаванне санкцый», што зусім не адно і тое. Гэта выкананне замовы ўлады судзіць сёння альтэрнатыўных кандытаў у прэзідэнты не за тое, што было на Плошчы (пабітае шкло і перапынены рух транспарта), а за тое, што ёсць у краіне (пабітая эканоміка і перапынены рух грамадства). Гэта спроба (асабліва відавочная на тле выбуху ў метро) перакласці віну за пагаршэнне ўзроўню жыцця з улады на апазіцыю. У духу сталінскіх часоў – на ворагаў. На пяцьдзесят тысяч «адмарозкаў і адшчапенцаў», якія выйшлі на Плошчу.

Каб не было ніякай небяспекі для людзей, я публічна і пісьмова прасіў садзеянні ў падрыманні парадку на Плошчы ў міністра ўнутраных спраў і старшыні камітэта дзяржаўнай бяспекі. Але ніхто мяне, кандыдата ў прэзідэнты, і грамадзянаў, якія йшлі са мной, не абараніў нават у самым пачатку руху на Плошчу, калі на вуліцы Калектарнай на калону кампаніі «Гавары праўду» напалі людзі ў форме без апазнавальных знакаў.

Чаму напалі?.. Гэта не толькі маё пытанне як пацярпелага, на якое я маю права патрабаваць адказ. Гэта ключавое пытанне для вызнання таго, што насамрэч адбылося ў дзень прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

На працягу ўсёй выбарнай кампаніі я паўтараў, як малітву, адно і тое: «Не можа быць у беларускім грамадстве непрымірымага супроцьстаяння! Як мы ўвайшлі ў сённяшнюю сітуацыю праз выбары – гэтак праз выбары нам з яе й выходзіць». Такая пазіцыя і, як вынік яе, мірны сцэнар мітынга на Плошчы некага не задавальнялі. Ці не гэта прычына, па якой мяне «нейтралізавалі»? Калі яно не так, дык трэба даказаць, што не так. Калі прычыны іншыя, дык неабходна высветліць: якія? Бо гэта сапраўднае, а не прыдуманае злачынства. Правакацыя, якая стала «спускавым кручком», дэтанатарам выбуху насілля на Плошчы, пра што ёсць сведчанні і ў матэрыялах крымінальнай справы. Да прыкладу, паказанні старшыні партыі «Справядлівы свет» С. І. Калякіна: «Большасць людзей, прыблізна дзве траціны з тых, хто прыйшоў на плошчу Незалежнасці, прыйшлі туды, таму што іх абурыла збіццё Уладзіміра Някляева». Як паказваюць сведкі, пасля гэтай правакацыі Плошча змянілася колькасна і якасна: стала больш шматлікай і больш актыўнай, меней кіруемай. Ці не гэтага й дабіваліся арганізатары нападу на калону грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» на вуліцы Калектарнай?..

Калі правакацыя рыхтавалася загадзя і да яе спрычыніліся сілы, здольныя арганізаваць спецгрупу, якая з ужываннем спецсродкаў «нейтралізуе» кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, дык цяжка сцвярджаць, што я здолеў бы не дапусціць тых падзей, што прывялі да відавочных негатыўных наступстваў, палітычных і эканамічных. Але я зрабіў бы ўсё, каб іх прадухіліць, і калі за нешта й можна мяне судзіць, дык хіба за тое, што не дайшоў да Плошчы. Толькі ў такім разе павінны паўстаць перад судом і тыя, хто не даў мне да Плошчы дайсці.

Усе мы перш-наперш грамадзяне нашай краіны, а пасля ўжо паэты ці прэзідэнты, суддзі ці падсудныя. Усе мы разумеем: тыя, хто 19 снежня прыйшоў на Плошчу, каб выказаць сваю нязгоду з несправядлівасцю і несвабодай – ніякія не злачынцы, а найлепшыя сыны і дочкі Беларусі, якія выявілі сваю грамадзянскую мужнасць. Нашчадкі яшчэ скажуць ім дзякуй за гэта.

У бліжэйшыя дні спіс несправядліва зняволеных можа папоўніцца новымі, не вінаватымі ані ў якіх злачынствах, людзьмі: Зьміцер Бандарэнка, Андрэй Саннікаў, Мікола Статкевіч ды іншыя... Ужо ўсе разумеюць, што канвеер пераследу трэба было б спыніць. Каб перасталі круціцца ягоныя шэсцерні, трэба адключыць энергію зла і нянавісці, якая раптам выбухнула з не меншай сілай, чым бомба ў метро на станцыі «Кастрычніцкая». Тым, хто канвеер запусціў і хто на ім завіхаецца, спыніць яго складана. Патрэбны нехта, хто б падышоў і сказаў: «Глядзіце, нічога складанага! Вось жа рубільнік!..» І адключыў. Зрабіць гэта мог бы якраз суд. Мінскі. Гарадскі. Спадзяюся, у суддзяў хопіць на гэта грамадзянскай мужнасці.

Прашу Мінскі гарадскі суд прызнаць заведзеную ў адносінах да мяне крымінальную справу палітычна матываванай і спыніць яе праз адсутнасць у маіх дзеяннях, як і ў дзеяннях іншых кандыдатаў у прэзідэнты і ўсіх удзельнікаў Плошчы, якія падвергліся крымінальнаму пераследу, складу злачынства. Толькі такое рашэнне можа прывесці нас да згоды і паміж сабой, і з нашымі суседзямі.

У рэшце рэшт так яно і станецца. Я проста прапаную не губляць час.

21.04. 2011 Уладзімір Някляеў."

Напісаць каментар 71

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках