Мясніковіч рыхтуе «Белнафтахім» да прыватызацыі
12- 29.04.2011, 11:52
Беларускі прэм'ер М. Мясніковіч ў мінулы чацвер правёў сустрэчу з кіраўніцтвам буйной замежнай кампаніі.
Кампанія зацікаўленая ў інвестыцыях у беларускую эканоміку, паведамляе прэс-служба ўрада, не ўдакладняючы пры гэтым назву буйнога міжнароднага інвестара.
«Падчас перамоваў... фактычна завершанае папярэдняе абмеркаванне шэрагу буйных інвестыцыйных праектаў, якія плануецца рэалізаваць у паліўнай, электраэнергетычнай і хімічнай галінах», - гаворыцца ў паведамленні.
Пры гэтым урад звяртае ўвагу на важнасць дадзенага інфармацыйнага факту наступным паведамленнем: «Плануецца, што ўжо ў маі-чэрвені 2011 года праекты адпаведных інвестыцыйных пагадненняў будуць прадстаўленыя на разгляд А. Лукашэнку».
Зрэшты можна меркаваць, што Мясніковіч меў зносіны c расейскім інвестарам, якому прапанавана паўдзельнічаць у адным з будучых праектаў беларускіх уладаў. У прыватнасці, гаворка ідзе аб хуткай ліквідацыі канцэрна Белнафтахім з аб'яднаннем падведамных яму прадпрыемстваў у тры профільныя холдынгі. Удзел у холдынгу ў выглядзе акцыянераў прапанаваны і шэрагу расейскіх кампаній, паведамляе АФН.
Варта адзначыць, што пасля ўчорашняй сустрэчы беларускі прэм'ер сёння адправіўся ў Салігорск павышаць капіталізацыю Беларуськалія - Мясніковіч прыме ўдзел у закладцы капсулы ў падмурак завода па вытворчасці комплексных NPK-угнаенняў.
Як паведамлялася, надоечы А. Лукашэнка запрасіў да сябе «гаспадара ўсёй калійнай галіны» Расеі Кярымава, з якім абмеркаваў сумесную будучыню экспарту калійных угнаенняў праз трэйдара «Беларускую калійную кампанію».