Андрэй Саньнікаў працягвае знаёміцца з крымінальнай справай
12- 6.04.2011, 16:54
Кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў працягвае знаёміцца з крымінальнай справай, паводле якой ён абвінавачваецца ў арганізацыі так званых "масавых беспарадкаў" 19 сьнежня.
Маці палітыка Ала Саньнікава кажа, што азнаямленьне вядзецца 5 дзён запар безь перапынку на выходныя:
«Субота, нядзеля, панядзелак, аўторак… Сёньня ўжо пяты дзень. Відаць, там прысьпешваюць, бо і на выходных азнаямленьне не спыняецца».
6 красавіка ў Алы Саньнікавай прынялі для сына перадачу ўключна з усімі прадуктамі, якія не прымалі цягам двух тыдняў, паведамляе Радыё Свабода. З гэтага маці зрабіла выснову, што сыну палягчэла са здароўем. Нагадаем, працяглы час Андрэю Саньнікаву было дазволена перадаваць толькі дыетычныя харчы. Зь лістоў вязьня было вядома, што ў яго абвастрылася хвароба суставаў. Лісты ад сына Ала Саньнікава атрымлівае рэгулярна:
«Піша, што ўжо далі яму асобнае спальнае месца. Праўда, я гэтага не разумею — як так? Што, раней яго прымушалі спаць на падлозе і толькі зараз выдзелілі асобны ложак?»