Анатоль Лябедзька: Я не падпісваў ніякіх папер
42- 7.04.2011, 12:35
Анатоль Лябедзька не падпісваў ніякіх папер наўзамен свайго вызвалення са следчага ізалятара КДБ.
Пра гэта лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі паведаміў 7 красавіка перад пачаткам пасяджэння нацыянальнага камітэта АГП.
Лябедзьку адпусцілі прыкладна ў 22.30 6 красавіка пад падпіску аб нявыездзе, перадае БелаПАН.
Як паведаміў палітык, у першыя дні пасля затрымання следчыя прапаноўвалі яму напісаць "які-небудзь пакаянны ліст" ці выступіць у дзяржаўных СМІ з заявай, абяцаючы ўзамен вызваленне з СІЗА. На гэта Лябедзька, па ягоных словах, адказаў, што хутчэй "адгрызе сваю правую руку", чым выступіць з падобнымі заявамі.
Лябедзька не лічыць сябе вінаватым. "Я заўсёды казаў следчым: ці падобны я да вярблюда? Яны мне адказвалі, што не. Таму даказваць, што я ні ў чым не вінаваты і я не вярблюд, зараз павінныя следчыя", - сказаў палітык.
Ён таксама паведаміў, што ўчора, перад тым як яго выпусцілі з СІЗА, на сустрэчы са следчым высветлілася, што ў КДБ няма ягонага пашпарта. "Таму невядома, ці сядзеў ў СІЗА КДБ уласна Анатоль Лябедзька", - сказаў лідэр АГП.