22 лiстапада 2024, Пятніца, 17:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэпутат бундэстага Георг Вельман: Рэжым Лукашэнкі слабы

15
Дэпутат бундэстага Георг Вельман: Рэжым Лукашэнкі слабы

Дэпутат бундэстага ад ХДС Георг Вельман патлумачыў, як ЕЗ мае намер дамагацца вызвалення беларускіх палітвязняў.

Дэпутат бундэстага ад кіруючага ў Германіі Хрысціянска-дэмакратычнага саюза (ХДС) Георг Вельман (Georg Wellmann) пракаментаваў Deutsche Welle вынесеныя 26 мая новыя прысуды ўдзельнікам падзеяў у Менску 19 снежня.

- Як вы ацэньваеце вынесеныя 26 мая ў Беларусі прысуды? Напрыклад, кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча прысудзілі да шасці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

- Вельмі сумная гісторыя - за ўдзел у мірнай дэманстрацыі атрымаць шэсць гадоў калоніі. Гэта дрэнная навіна і для Заходняй Еўропы, і для Беларусі, паколькі такія прысуды заганяюць краіну ў яшчэ большую ізаляцыю.

- Што паказалі ў цэлым працэсы супраць удзельнікаў падзеяў 19 снежня ў Менску?

- Яны паказалі, што рэжым Лукашэнкі слабы. Беларуская апазіцыя не была асабліва моцнай і арганізаванай. І калі, нягледзячы на ​​гэта, супраць яе ўлады ўжываюць гэтакія жорсткія меры - гэта сведчанне іхняй слабасці.

- Што можа зрабіць Захад для хутчэйшага вызвалення беларускіх палітвязняў?

- Перш за ўсё, мы выказваем глыбокую салідарнасць палітычным вязням у Беларусі. Мы будзем падтрымліваць іх, а таксама іхніх родных і блізкіх. Мы будзем і далей прыкладаць намаганні для таго, каб у Беларусі выконваліся базавыя прынцыпы прававой дзяржавы.

На гэтым тыдні міністры замежных справаў краін Еўразвяза ўхвалілі рашэнне пашырыць спіс беларускіх чыноўнікаў, у дачыненні да якіх дзейнічаюць візавыя санкцыі. Яны балючыя для тых, хто трапіў пад іхняе дзеянне.

І я таксама спадзяюся, што калі-небудзь будзе знойдзены спосаб зноў пачаць перамовы з Менскам і накіраваць Беларусь у бок еўрапейскіх каштоўнасцяў. Галоўнай перадумовай гэтага з'яўляецца вызваленне ўсіх палітвязняў.

- Лукашэнка 25 мая заявіў, што не выключае хуткага вызвалення палітвязняў. Ці лічыце вы, што гэтыя словы былі адрасаваныя ў першую чаргу Еўразвязу і з'яўляліся прапановай пачаць гандаль пра лёс палітвязняў, якія сталі своеасаблівымі закладнікамі?

- Не ведаю. Калі прэзідэнт кажа, што хоча вызваліць гэтых людзей, то ўзнікае пытанне, чаму гэтыя абсалютна невінаватыя людзі наогул былі асуджаныя. Я не магу гэтага растлумачыць. Хачу сказаць толькі, што нам неабходны канал для камунікацыі, каб пра гэта гаварыць з Менскам.

Маўчанне беларускіх уладаў - не вельмі добры сігнал. Краіна знаходзіцца ў цяжкай эканамічнай сітуацыі, адбылося абвальнае падзенне нацыянальнай валюты. І адказны ўрад у такім становішчы павінны вельмі хутка даваць задні ход.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках