Прэзідэнт Эстоніі заклікае да санкцый супраць беларускага рэжыма
36- 2.06.2011, 16:12

Эканамічныя інтарэсы канкрэтных краін нельга ставіць вышэй за неабходныя палітычныя рашэнні.
Прэзідэнт Эстоніі Тоомас Хендрык Ільвес 1 чэрвеня ў Таліне на сустрэчы з міністрам замежных справаў Венгрыі Янашам Мартоньі заклікаў Еўразвяз да кропкавых санкцый супраць беларускага рэжыму, паведамляе БелаПАН.
«Мы павінныя працягнуць руку дапамогі народу Беларусі, пазбаўленаму цяпер прававой дзяржавы і дэмакратыі, адначасова выкарыстоўваючы вельмі дакладна накіраваныя санкцыі супраць рэжыму, каб ад іх не пацярпелі звычайныя грамадзяне», - цытуе Ільвеса яго афіцыйны сайт.
«Еўрапейскі звяз павінен быць у гэтым пытанні адзіным, і эканамічныя інтарэсы канкрэтных краін нельга ставіць вышэй за неабходныя з пункту гледжання дапамогі беларускаму народу палітычныя рашэнняі», - сказаў прэзідэнт Эстоніі.
Акрамя таго, на думку Ільвеса, для паспяховасці і бяспекі Еўропы важная інтэграцыя Украіны і Малдовы ў ЕЗ, паколькі «чым больш еўрапейскіх каштоўнасцяў і дэмакратыі ў суседніх з Еўразвязам краінах, тым больш моцная і стабільная ўся Еўропа».