ЕЗ патрабуе вызваліць палітычных зняволеных у Беларусі
9- 20.06.2011, 19:41
Паўгады пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі назіраецца пагаршэнне палітычнай сітуацыі.
Аб гэтым заявіла ў панядзелак у Люксембургу вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан.
«Мы патрабуем вызвалення ўсіх палітычных зняволеных, і мы асуджаем рэпрэсіі, якія працягваюцца супраць грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ, а таксама супраць апазіцыі», - падкрэсліла К. Эштан на прэс-канферэнцыі пасля пасяджэння Рады міністраў замежных справаў ЕЗ.
Яна нагадала, што каля 30 чалавек адбываюць турэмныя тэрміны па палітычных матывах, у тым ліку кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі, перадае «Інтэрфакс Захад».
К. Эштан паведаміла, што ў сувязі з гэтым Рада ЕЗ прыняла дадатковыя абмежавальныя меры супраць беларускіх уладаў, у тым ліку эмбарга на пастаўкі зброі і сродкаў падаўлення масавых выступаў.
Па ейных словах, Еўразвяз у той жа час імкнецца быць набліжаным да грамадзянскай супольнасці і насельніцтва Беларусі, лічачы сябе абавязанымі аказваць ім садзейнічанне. У прыватнасці, па сцвярджэнні К. Эштан, у ЕЗ разважаюць аб палягчэнні візавага рэжыму для грамадзянаў Беларусі.