26 снежня 2024, Чацвер, 17:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікіта Ліхавід: Хутчэй прыбірайце вусатае пудзіла

45
Мікіта Ліхавід: Хутчэй прыбірайце вусатае пудзіла

Палітвязень зноў змешчаны ў карцэр, на гэты раз на 20 дзён.

Аб гэтым ягоная маці Алена Ліхавід даведалася 8 ліпеня, калі прыехала ў калонію разам з адвакаткай Дар'яй Ліпкінай.

«У адміністрацыі нам патлумачылі, што гэта тэрмін за чатыры парушэнні, якія здзейсніў Мікіта. Увогуле, у мінулую пятніцу было роўна два месяцы, як сына змясцілі ў калонію, і толькі восем дзён з іх ён пабываў, так бы мовіць, «на волі», - распавяла «Белсату» маці палітвязня Алена Ліхавід. Жанчына кажа, што адвакату дазволілі сустрэцца са «штрафніком».

«Вядома, моцна схуднеў, вядома, вельмі бледны і з чорнымі кругамі пад вачыма. Але ад сваіх прынцыпаў адступаць не збіраецца. І я зразумела, што пераканаць яго мы наўрад ці зможам», - адзначае Алена Ліхавід. Палітвязень праз адвакатку перадаў, каб на яго звярталі менш увагі, не перажывалі, што ён у карцэры, таму што ён прывык быць там. У камеры зняволеныя СІЗА дасталі шкло з акна, таму дыхаюць свежым паветрам, ды і кормяць іх нармальна. «Дар'я Ліпкіна кажа, што настрой у Мікіты добры, ён усміхаўся, перадаваў усім прывітанні і нават жартаваў. Сказаў, каб хутчэй там змагаліся на волі і прыбіралі гэтае вусатае пудзіла, а то ён ужо заседзеўся ў турме», - распавядае Алена Ліхавід.

Жанчына вельмі хвалюецца за здароўе сына і неаднаразова размаўляла з гэтай нагоды з лекарам калоніі. Той запэўніў маці, што імкнецца амаль штодня наведваць карцэр, што зняволены Ліхавід адчувае сябе няблага, а бледны, паколькі шмат дзён застаецца без сонца і свежага паветра. «Я сёння спытала ў яго, як мне перадаць сыну вітаміны, лекар сказаў, што іх прымуць толькі пасля пісьмовай заявы Мікіты. Аднак у карцэры пісаць забаронена», - адзначае Ліхавід.

Мікіту Ліхавіду ў Наваполацку калонію прыходзіць шмат лістоў, але пакуль палітвязень застаецца ў карцэры, прачытаць іх не можа. Са словаў маці, Мікіта Ліхавід павінен выйсці з СІЗА 20 ліпеня.

Актывіст руху «За свабоду» за ўдзел у Плошчы быў асуджаны на тры з паловай гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў Наваполацкай калоніі. Хлопец лічыць сябе незаконна асуджаным і таму адмаўляецца выконваць распараджэнні адміністрацыі спецустановы. Дасылаць лісты Мікіту Ліхавіду можна па адрасе: Папраўчая калонія № 10, 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8. Атрад № 6.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках