24 снежня 2024, aўторак, 15:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Або ў «зону», або аперацыя

73
Зміцер Бандарэнка: Або ў «зону», або аперацыя

Палітвязня паставілі ў СІЗА МУС перад жорсткім выбарам.

Нагадаем, што з-за сур'ёзных праблемаў з хрыбетнікам (грыжы міжхрыбетнікавага дыска, зашчымленне спінных нерваў, парэзу нагі) каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка быў пераведзены з СІЗА МУС у Рэспубліканскую турэмную лякарню, якая знаходзіцца там жа, дзе і ізалятар, на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Сёння жонка палітвязня Вольга Бандарэнка атрымала ад мужа ліст. Прыводзім вытрымкі:

«Сёння з раніцы мне сказалі: або ў «зону», або аперацыя.

Я: А кансультацыя нейрахірурга?

Яны: Мы паказалі вашыя дадзеныя МРТ і эпікрыз нейрахірургу з 5-й лякарні. Вашае рашэнне?

Увечары яшчэ прыняў начальнік СІЗА.

- Дык вы адмаўляецеся ад аперацыі?

- Я хацеў бы пагаварыць з нейрахірургам.

- Такой сустрэчы не будзе. Ён у курсе вашых справаў.

Карацей, я напісаў паперу, што згодны на аперацыю. Яе будуць рабіць у 5-й лякарні, можа нават на наступным тыдні.

Можа, на волі і магчымыя былі б іншыя варыянты, але тут ехаць у «зону» з хворай і «крывой» правай нагой немагчыма. Усё ў руках Божых».

Вольга Бандарэнка шакаваная, што ейнага мужа паставілі перад такім жорсткім выбарам.

«Гэтае рашэнне павіннае быць узважаным. Аперацыя робіцца ў самым крайнім выпадку, паколькі тут ёсць пагроза абязрушвання, у выпадку калі нешта пойдзе не так. Пасля аперацыі неабходнае доўгае аднаўленне да 10 месяцаў і добры дагляд. Зміцера жа ў лепшым выпадку могуць пакінуць у шпіталі на тры тыдні-месяц, а потым хворага, пасля аперацыі, адправяць у калонію. Гэта можа прывесці да рэцыдыву і яшчэ больш сур'ёзных наступстваў», - сказала жонка палітвязня сайту charter97.org.

Напісаць каментар 73

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках