24 лiстапада 2024, Нядзеля, 7:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Горадні ўлады пачалі штрафаваць інвестараў

27
У Горадні ўлады пачалі штрафаваць інвестараў

Прычына – зацягванне будаўніцтва і рэканструкцыі аб’ектаў.

У Гарадзенскім гарвыканкаме камісія ў справе рэалізацыі інвестыцыйных праектаў заявіла, што патрабаванні да інвестараў рэзка ўзмоцняцца. Некаторыя бізнесоўцы замарудзілі будаўнічыя і аднаўленчыя працы ў сувязі з крызісам на валютным рынку, паведамляе Белсат.

Гэтак, рэканструкцыя гістарычнага будынку, былой рэстарацыі “Беласток”, пад мадэрновую кавярню і банкаўскі офіс адкладваецца. Кампанія “Фертэко” выкупіла дом у 2007 г. і паводле ўмоваў аўкцыёну мусіла закончыць працы ў кастрычніку 2008 г. Пасля дату адклалі на канец 2010 г., але здаць аб’ект у тэрмін ізноў не атрымалася. Інвестар патлумачыў затрыманне шматлікімі працэдурамі ўзгаднення, бо будынак уяўляе з сябе гістарычную каштоўнасць.

На гэтыя ўзгадненні кампанія выдаткавала больш за 800 тыс. долараў. Днямі ўлады вынеслі штраф “Фертэко” на суму 70 млн руб. Падобная сітуацыя з аднаўленнем гатэлю “Беласток” у цэнтры Горадні. Расейская кампанія “Центр-инвест” заявіла, што праект каштуе 12 млрд руб. Пры сённяшняй фінансавай сітуацыі інвестары вырашылі адмовіцца ад працы і выстаўляюць аб’ект на аўкцыён.

У Горадні планавалася таксама пабудаваць буйны гіпермаркет кшталту літоўскага “Акропалісу” побач са шпіталем на праспекце Купалы, але за год інвестар не распачаў актыўных працаў.

У гарвыканкаме паведамілі, што да кампаніяў будуць ужываць штрафныя санкцыі. “Калі партнёр не выконвае сваіх абавязкаў, мы маем права разарваць кантракт і забраць зямлю ці будынак, – кажа вядучы спецыяліст кіраўніцтва архітэктуры і будаўніцтва Вольга Гарматная. – На перспектыву мы зацікаўленыя ў супрацы са стабільнымі партнёрамі. Мы не дазволім, каб горад перапаўнялі даўгабуды”.

Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч кажа, што выпадкі, калі справа сапраўды даходзіць да штрафаў, надзвычай рэдкія. Ён называе тры прычыны замаруджвання аднаўленчых працаў: “Найперш – фінансавыя праблемы. Прыватны бізнес у нашай краіне цяпер сапраўды перажывае не найлепшыя часы. Далей – існуюць юрыдычныя праблемы, каб аформіць будаўніцтва як след. І, нарэшце, адсутнічае якасная рэстаўрацыйная школа. Бо адна рэч набыць будынак, але з ім трэба ведаць, што рабіць далей. Усяго тры адмысловых рэстаўрацыйныя прадпрыемствы засталіся, на ўсю Беларусь іх не хапае”.

Разам з тым эксперт адзначае, што дагэтуль у Беларусі ўлады толькі пагражалі спагнаць штрафы з несумленных кампаніяў. “Ёсць досыць шмат выкупленых будынкаў, якія ўяўляюць сабой гісторыка-культурную каштоўнасць, але яны працягваюць заставацца ў разбураным стане. Таму захады ўладаў могуць паскорыць аднаўленчыя працы”, – лічыць ён.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках