25 снежня 2024, Серада, 17:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пачобут: «Сэнсам такіх арыштаў і такіх крымінальных справаў з'яўляецца шантаж»

15
Пачобут: «Сэнсам такіх арыштаў і такіх крымінальных справаў з'яўляецца шантаж»

Пасля свайго вызвалення ў зале суду Анджэй Пачобут выказаў меркаванне, што вынесены яму прысуд стаў вынікам ціску на беларускія ўлады з боку Захаду.

Нагадаем, 5 ліпеня суд Ленінскага раёна Гродна прысудзіў журналіста да трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады, прызнаўшы яго вінаватым у паклёпе на прэзідэнта. Абвінавачванне па другому артыкулу - абраза прэзідэнта - з Пачобута знятае.

«Я чакаў больш жорсткага прысуду, - сказаў Пачобут у інтэрв'ю БелаПАН. - Лічу, што вынесены прысуд - гэта вынік ціску на рэжым Лукашэнкі, вынік увядзення эканамічных санкцый у дачыненні да рэжыму. Я заўсёды быў прыхільнікам таго, каб у дачыненні да дыктарскі рэжымаў праводзіць цвёрдую палітыку, таму што толькі цвёрдая пазіцыя дае вынік».

Пачобут перакананы, што сэнсам «такіх арыштаў і такіх крымінальных справаў з'яўляецца шантаж». «Безумоўна, гэта была нейкая спроба шантажу ў дачыненні да Польшчы. Аляксандр Лукашэнка выкарыстаў мяне як інструмент ціску. Я вельмі рады, што ніякіх саступак з гэтай нагоды Лукашэнка не атрымаў», - падкрэсліў журналіст.

Бліжэйшы тыдзень Пачобут мае намер правесці з сям'ёй. «Вось сына зараз убачыў - ён вельмі вырас, таму што калі мяне затрымалі, ён быў зусім маленькі, - сказаў ён. - Потым буду, як і раней, працаваць карэспандэнтам «Газеты выборчай», буду сябрам Саюза палякаў. На маю дзейнасць і мае погляды ніякага ўплыву турма не аказала. Нейкія абмежаванні ў сувязі з прысудам будуць. Напрыклад, абмежаванні на пакіданне месца жыхарства і гэтак далей. Але на мяне як на чалавека, на мае перакананні, на маю журналісцкую дзейнасць прысуд ніяк не паўплываў і не паўплывае».

Пачобут мае намер абскардзіць вынесены яму прысуд. «Пакуль ёсць хоць нейкія прылады для гэтага, буду яго абскарджваць. Гэты працэс быў не судом, а судзілішчам», - заявіў журналіст.

Фота: «Радыё Свабода».

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках