25 снежня 2024, Серада, 20:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сваякі рэпрэсаваных: Толькі эканамічныя санкцыі вызваляць людзей з турмаў

72
Сваякі рэпрэсаваных: Толькі эканамічныя санкцыі вызваляць людзей з турмаў

Маці і жонкі рэпрэсаваных беларусаў звярнуліся да дэмакратычных палітыкаў і грамадскасці ў Беларусі.

Поўны тэкст звароту жанчыны перадалі сайту charter97.org:

Мы - беларускі. Нашыя мужы, сыны, браты, бацькі сядзяць у турмах ці былі выкрадзеныя, ці памерлі пры падазроных абставінах. З кожным днём такіх, як мы, у Беларусі становіцца ўсё больш. Але самае страшнае тое, што становіцца больш такіх, як нашыя родныя.

Рэпрэсіі ў сённяшняй Беларусі - не асобныя ўспышкі, а эпідэмія. Турмой заканчваюцца і вольна выказанае меркаванне, і выхад на мірную дэманстрацыю, і нежаданне ўдзельнічаць у знішчэнні іншадумцаў, і нават прадпрымальніцкія ініцыятывы. Словам, турмой заканчваецца ўсё. А для некаторых - і смерцю.

Калі пачынаецца эпідэмія, прышчэпкі ўжо не дапамагаюць. Патрэбнае супрацьяддзе. Каб у баку ад барацьбы з эпідэміяй не застаўся ніхто. Каб выпадкова заражаны не стаў разносчыкам смяротнага віруса. І мы прапануем усім аб'яднацца ў барацьбе з жахлівай эпідэміяй, імя якой - дыктатарскі рэжым.

Мы звяртаемся да сусветнай супольнасці з заклікам: не спакушайцеся з нагоды словаў дыктатара аб магчымым вызваленні палітвязняў. Гэтага не адбудзецца, затое пачнецца гандаль, перамовы, якія, напэўна, скончацца выплатай авансу, але ўгода так і не адбудзецца. Не верце ілжывым абяцанням і не думайце аб тым, што эканамічныя санкцыі могуць пашкодзіць беларускаму народу. Горш беларусам ужо не будзе. Ім шкодзяць не вонкавыя эканамічныя санкцыі, а ўнутраная палітыка. А сур'ёзны эканамічны ціск здольны, як у выпадку з Аляксандрам Казуліным, вызваляць нявінных людзей з турмаў. Вось толькі Аляксандр Казулін, пакуль вы спрабавалі вырашыць пытанне «палюбоўна» і гандляваліся, збіваючы кошт, паспеў страціць жонку. Яе не выкрадалі. Але яна стала ахвярай, якая застаецца на сумленні не толькі антыбеларускага рэжыму.

Мы звяртаемся да ўладаў Расеі: не падтрымлівайце гэты ганебны для свету рэжым, таму што такая дапамога робіць вас падобнымі да Лукашэнкі, але не дапамагае ні беларускаму, ні расейскаму народам. Грошы расейскіх падаткаплацельшчыкаў, якія другое дзесяцігоддзе марнуюцца на падтрыманне непрадказальнага і вар'яцкага суседа, у любы момант здольнага схапіць вілы і пайсці патрабаваць яшчэ больш, маглі б выратаваць жыцці сотняў тысяч расейцаў, якія не выжылі проста таму, што не хапіла бюджэтных грошай на іхняе выратаванне. Адэкватны сусед, які ведае, што калі ўзяў у доўг, то трэба аддаць гэты доўг своечасова, куды больш пераважны. З ім можна дамовіцца. Дамаўляцца з цяперашнім рэжымам - немагчыма.

Мы звяртаемся да нашых суграмадзянаў: не гуляйце з гэтай уладай у прыдуманыя ёю гульні. Не дапамагайце ёй пратрымацца яшчэ хоць лішні дзень. Не бярэце ўдзелу ў ейных праектах - ад парламенцкіх і мясцовых выбараў да шматлікіх латарэй. Не бойцеся гаварыць, пратэставаць, не пагаджацца на незаконныя ці проста подлыя ўчынкі. Не думайце, што за вамі прыйдуць, - за вамі ўжо прыйшлі, проста вы гэтага яшчэ не заўважылі. І мы ўсё ў адной турме, а з вертухаямі дамовіцца немагчыма. Выхад адзін - не падпарадкоўвацца іхнім правілам. Не браць іхнія грошы. Не аддаваць ім свае. Не лічыць іх сталым злом, таму што даўгалецце зла залежыць ад нас. Як казаў адзін персанаж Альбера Камю, «растацца з жыццём не страшна, на гэта ў мяне хопіць мужнасці, калі спатрэбіцца. Але глядзець, як растае сэнс нашага жыцця, як мы губляем падставы існаваць, - невыносна. Нельга жыць, не маючы на ​​тое падставаў».

Мы не хочам, каб да нашых родных далучаліся новыя ахвяры. Мы хочам гэтую эпідэмію спыніць. Але зрабіць гэта можна толькі ўсім разам. Мы заклікаем усіх падумаць не толькі аб сённяшнім, але і аб заўтрашнім дні. Не толькі аб зняволеных, але і аб забітых. Не толькі аб нашых, але і аб вашых дзецях. І гэта не попел Клааса грукае ў нашыя сэрцы - гэта проста сумленне. Прыслухайцеся жа і да сябе.

Людміла Карпенка, удава памерлага Генадзя Карпенкі, намесніка старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13-га склікання

Тацяна Красніцкая, дачка памерлага Генадзя Карпенкі, намесніка старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13-га склікання

Вольга Захаранка, удава зніклага палкоўніка міліцыі Юрыя Захаранкі, экс-міністра ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь

Алена Захаранка, дачка зніклага палкоўніка міліцыі Юрыя Захаранкі, экс-міністра ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь

Юлія Захаранкі, дачка зніклага палкоўніка міліцыі Юрыя Захаранкі, экс-міністра ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь

Святлана Завадзкая, удава зніклага журналіста Зміцера Завадскага

Ірына Красоўская, удава зніклага прадпрымальніка Анатоля Красоўскага

Валерыя Красоўская, дачка зніклага прадпрымальніка Анатоля Красоўскага

Ірына Халіп, асуджаная з адтэрміноўкай пакарання жонка зняволенага экс-кандыдата на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Андрэя Саннікава, міжнароднага каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»

Ірына Багданава, сястра зняволенага экс-кандыдата на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Андрэя Саннікава, міжнароднага каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»

Вольга Бандарэнка, жонка зняволенага палітыка Зміцера Бандарэнкі, каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»

Анастасія Палажанка, умоўна асуджаная нявеста зняволенага палітыка Зміцера Дашкевіча, старшыні афіцыйна зарэгістраванага ў Чэхіі грамадскага аб'яднання «Малады Фронт»

Дар'я Корсак, жонка зняволенага журналіста Аляксандра Атрошчанкава, прэс-сакратара экс-кандыдата на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Андрэя Саннікава

Людміла Мірзаянава, маці зняволенага студэнта эканомікі Фёдара Мірзаянава

Ева Някляева, дачка асуджанага з адтэрміноўкай пакарання экс-кандыдата на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Някляева, лідэра грамадзянскай кампаніі «Гавары Праўду!»

Тацяна Севярынец, маці асуджанага да абмежавання волі палітыка Паўла Севярынца, сустаршыні арганізацыйнага камітэта па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя

Алена Ліхавід, маці зняволенага актывіста руху «За Свабоду!» Мікіты Ліхавіда

Святлана Вінаградава, жонка зняволенага актывіста кампаніі «Гавары праўду» Паўла Вінаградава

Напісаць каментар 72

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках