23 лiстапада 2024, Субота, 13:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МЗС Беларусі падазрае «неакрэплую польскую дэмакратыю» ў гістарычнай амнезіі

21
МЗС Беларусі падазрае «неакрэплую польскую дэмакратыю» ў гістарычнай амнезіі

Міністэрства замежных справаў Беларусі абвінаваціла сваіх польскіх калегаў у «прававым нігілізме».

Каментуючы заяву польскага знешнепалітычнага ведамства аб памылковасці выдачы беларускім уладам рахункаў апазіцыянераў і аб хутчэйшым стварэнні Фонду падтрымкі дэмакратыі, прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных заявіў агенцтву «Інтэрфакс-Захад», што «заганная практыка «штучнага вырошчвання» кіраваных з-за мяжы псеўдапалітычных аб'яднанняў супярэчыць нормам нацыянальных заканадаўстваў і з'яўляецца пажыўным асяроддзем для здзяйснення розных злачынстваў і злоўжыванняў».

На думку афіцыйнага прадстаўніка МЗС Беларусі, «польскія дыпламаты забыліся, што ўстойлівае развіццё міжнароднай супольнасці забяспечваецца, перш за ўсё, прававымі механізмамі міждзяржаўнага ўзаемадзеяння, якія ўсталёўваюць адзіныя крытэры і правілы для ўсіх краінаў свету». «Гэтыя механізмы дазваляюць эфектыўна супрацьдзейнічаць такім глабальным пагрозам, як тэрарызм, арганізаваная злачыннасць, крадзёж і «адмыванне» нелегальных прыбыткаў», - падкрэсліў ён.

«У сваёй блізарукасці польскае знешнепалітычнае ведамства дэ-факта адраджае прынцып «мэта апраўдвае сродкі», - зазначыў А. Савіных, нагадаўшы польскім калегам «гісторыю ХХ стагоддзя і тыя незлічоныя пакуты, якія прынесла еўрапейскім народам выкарыстанне гэтага падыходу на практыцы». «Мы вельмі спадзяемся, што ў неакрэплай польскай дэмакратыі не такая кароткая памяць», - дадаў ён.

У афіцыйнай заяве МЗС Польшчы, распаўсюджанай 11 жніўня, пасля паведамленняў аб тым, што Генпракуратура гэтай краіны перадала беларускім праваахоўным органам інфармацыю аб банкаўскіх рахунках 17 беларусаў (у тым ліку праваабаронца Алеся Бяляцкага - ІФ), гаворыцца, што МЗС правёў кансультацыі з адказнымі польскімі ведамствамі і распачаў дзеянні па ўмацаванні бяспекі інфармацыі, якая тычыцца польскіх банкаўскіх рахункаў грамадзянаў Беларусі.

«Польшча працягвае ўнутраную дзейнасць, накіраваную на прадухіленне выкарыстання ўладамі Рэспублікі Беларусь супраць дэмакратычнай апазіцыі сістэмы міжнародных працэдур, закліканых прадухіляць тэрарыстычныя і злачынныя пагрозы», - адзначана ў заяве. Там жа гаворыцца, што інцыдэнт не спыніць падтрымку Польшчай беларускай грамадзянскай супольнасці і ідэі стварэння Еўрапейскага фонду для дэмакратыі.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках