26 снежня 2024, Чацвер, 17:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэпутат Донскіс: Нельга какетнічаць са злачынным рэжымам

30
Дэпутат Донскіс: Нельга какетнічаць са злачынным рэжымам

Дэпутат Еўрапарламента Леанідас Донскіс змясціў ў літоўскай газеце Verslo žinios каментар, прысвечаны справе Бяляцкага ў Літве.

- Гэта вельмі сумная гісторыя, якая кампраметуе маю краіну. Сітуацыя з фармальнага пункту гледжання такая: дэмакратычная краіна Еўразвяза аказвае прававую і тэхнічную дапамогу аўтарытарнаму рэжыму, які топча чалавечыя правы і годнасць. Скарыстаўшыся гэтай дапамогай людзі беларускага рэжыму затрымліваюць Алеся Бяляцкага, арыштоўваюць маёмасць праваабарончай арганізацыі «Вясна» і наносяць моцны ўдар па беларускай апазіцыі.

Гэты скандал і ягоныя маштабы мы самі, магчыма, яшчэ не ўсведамляем. Шкада, што так здарылася.

У гэтай справе мне бракуе інфармацыі, як яе бракуе шматлікім ў нашай дзяржаве. Мне падаецца, што ў Літве няма дакладнай скаардынаванай палітыкі, а толькі яе фрагменты, якія нярэдка супярэчаць адзін аднаму. На рытарычным узроўні Літва выглядае бездакорна - гэта проста сяброўка беларускай апазіцыі і дэмакратаў, але практыка сведчыць, што цяпер мы какетнічаем з аўтарытарным рэжымам, па меншай меры на ўзроўні Прэзідэнтуры. Таму вельмі цяжка сказаць, ці існуе якая-небудзь паслядоўная, звязаная і скаардынаваная пазіцыя, якой цяпер можна было б запатрабаваць ад міністэрстваў замежных справаў і юстыцыі. Дзе гэтая скаардынаваная пазіцыя? Я нават не ведаю, ці існуе яна наогул. Адно не выклікае сумневаў - тут існуюць пэўныя супярэчнасці.

У тэорыі ці па крайняй меры ў рыторыцы, як я казаў, мы былі сябрамі беларускай апазіцыі. Аднак нельга адначасова гуляць у такую ​​гульню - быць і са злачынным рэжымам, і ў той самы час крыху - з апазіцыяй. Ці наадварот - крыху з Лукашэнкам, і крыху больш - з апазіцыяй. Калі казаць аб ізаляцыі беларускага рэжыму, то нават і тут чуецца голас аб тым, што ізаляцыя альбо эканамічныя санкцыі супраць Беларусі супярэчылі б нашым эканамічным інтарэсам. Ну хай сабе, гэта яшчэ можна зразумець, хоць прыкметай добрага тону ў кантэксце ЕЗ такія аргументы не назавеш. Пазіцыя ЕЗ па гэтай нагодзе вельмі дакладная - там лічаць, што паводзіны беларускага рэжыму непрымальныя, бо ён парушае ўсе дапушчальныя нормы.

Важная рэч - ці спрабавалі мы адказаць сабе на пытанні, ці існуе якая-небудзь выключная палітыка Літвы ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, альбо, будучы дзяржавай ЕЗ, мы ўзгаднілі сваю знешнюю палітыку з Еўразвязам і маем з ім аднолькавую, узгодненую палітыку. Мне падаецца, што тут усе сабакі і закапаныя.

Мы да гэтага часу быццам бы ведалі, што падтрымліваем дэмакратычныя змены ў Беларусі. Мы былі катэгарычна за любы больш моцны сігнал Лукашэнку. Але сітуацыя змянілася, і мы не можам паводзіць сябе так, быццам бы нічога не змянілася. Змянілася. Такой дакладнасці ў нашай палітыцы ў дачыненні да Беларусі, якая, скажам, ёсць у Польшчы, няма. Іхні погляд вельмі строгі, ваяўнічы, непрымірымы. А нашая палітыка даволі кампрамісная, непаслядоўная, супярэчлівая, і мне падаецца, што гэта магла быць адной з прычын таго, чаму частка нашых функцыянераў так паводзіць сябе ў адносінах да беларускай справы. З іншага боку, іхнімі дзеяннямі магло маніпуляваць якое-небудзь ведамства, свой уплыў магла мець і іхняя некампетэнтнасць. Хоць я і не хачу верыць, што тут выявіўся непрафесіяналізм - гэта занадта адказныя справы, каб нехта вырашыўся прыняць на сябе адказнасць і дзейнічаць ад свайго імя. Але, мабыць, калі няма моцнай каардынацыі, агульнай канцэпцыі, дакладнай дзяржаўнай пазіцыі, можна чакаць новых ганебных памылак.

Гаворачы аб магчымасці літоўскіх уладаў выйсці з гэтага становішча з гонарам, мабыць, трэба было б паводзіць сябе так, як патрабуе кодэкс гонару, які дзейнічае ў краінах старой дэмакратыі, дзе гонар - не пустое слова. У гэтым выпадку я бачу толькі адзінае выйсце - вельмі дакладна ацаніць тое, што адбылося, запатрабаваць пакарання ад чыноўнікаў, якія былі за гэта адказныя. Думаю, што найбольшую адказнасць павіннае ўзяць на сябе Міністэрства юстыцыі, а таксама ўрад, кабінет міністраў, Андрус Кубілюс як прэм'ер, Рэмігіюс Шымашус як міністр юстыцыі, і ўся ўладная кааліцыя, бо ў гэтым свеце ніхто не ізаляваны. Бо тое, што адбылося - гэта не толькі эпізод, гэтая гісторыя можа стаць гістарычнай ганьбай Літвы. Каб яе змыць, трэба здзейсніць вельмі дакладныя дзеянні.

Думаю, што ўрад і Сейм павінныя сабрацца на пазачарговай сесіі і выразна абвясціць, што адбылася недапушчальная памылка, якая не павінная паўтарыцца ў гісторыі дэмакратычнай рэспублікі Літвы. Гэта даслала б пазітыўны мэсэдж, гэтак жа як і прабачэнні перад беларускай апазіцыяй і Алесем Бяляцкім і перадача Лукашэнку нашай пазіцыі, што яны не павінныя ўспрымаць гэта як тэндэнцыю, што адбылося непаразуменне, тэхнічная памылка і што ў сістэме прыярытэтаў Літвы нічога не мяняецца. Калі б такое пазачарговае пасяджэнне адбылося, я б паверыў, што нашыя палітыкі нешта зразумелі.

У Літве не ляцелі і не паляцяць галовы міністраў, кабінет у адстаўку не падасць. Не тая этыка ў нашых палітыкаў, не той узровень свядомасці, гэтага ў Літве не было і чакаць гэтага ў будучыні не даводзіцца. І не варта было б чакаць такіх дзеянняў ад цяперашняга кабінета. Адбылася недапушчальная памылка, якая не павінная паўтарыцца ў гісторыі дэмакратычнай рэспублікі Літвы.

А што тычыцца патрабавання прэзідэнта, што міністр юстыцыі павінен быў бы пакараць вінаватых, я думаю, што гэта памылка, закладзеная ў самой фармулёўцы праблемы. Секчы другарадныя галовы, якія хутчэй за ўсё атрымалі нейкія блытаныя ці хаатычныя сігналы і няправільна іх расшыфравалі ці, наадварот, вельмі добра расшыфравалі, толькі незразумела, якая арганізацыя іх паслала - справа дарэмная. Прэзідэнтура зрабіла б вельмі вялікую памылку, калі б паспрабавала «залагодзіць» народны гнеў, узяць і знесці пару другарадных ці трэцярадных галоваў.

Мне падаецца, што прэзідэнт гэтую справу павінная ацаніць вельмі сур'ёзна. Не хачу быць дрэнным прарокам, але яна можа пацярпець фіяска: гэтыя справы далёка не нявінныя. Занадта сур'ёзнае становішча, каб можна было абыйсціся нейкім звычайным дзеяннем, калі здымаеш пару галоваў і кажаш: бачыце, справядлівасць перамагла. Ніякая справядлівасць тут не перамагла, тыя другарадныя галавы ніколі б не вырашыліся самі зрабіць тое, што зрабілі. За імі хаваўся альбо першы эшалон палітыкаў, альбо ўстановы, якія не любяць публічна інфармаваць аб сваёй дзейнасці.

Значыць, прэзідэнт павінная вельмі прынцыпова ўсё ацаніць, узяць на сябе частку адказнасці і заявіць, што надалей такое не паўторыцца. Я не сумняваюся, што разам з ёй гэта павінен зрабіць і прэм'ер-міністр. Бо тут гаворка не пра іх, а пра Літоўскую дзяржаву.

Пераклад з літоўскай - «Радыё Свабода»

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках