5 лiстапада 2024, aўторак, 13:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Галоўны прыз Эдынбургскага фестывалю - Беларускаму свабоднаму тэатру

20
Галоўны прыз Эдынбургскага фестывалю - Беларускаму свабоднаму тэатру

Беларускі Свабодны тэатр стаў уладальнікам галоўнага прыза Эдынбургскага тэатральнага фестывалю Fringe-2011 за спектакль «Ліст для Кэці Акер. Менск'11».

Уручэнне прызоў адбудзецца 26 жніўня ў Эдынбургу ў 11.00 па брытанскім часе.

Напярэдадні фестывалю адзін з кіраўнікоў «Свабоднага тэатра» Мікалай Халезін прызнаўся «Народнай волі»:

- Некалі даўно, на світанку існавання «Свабоднага тэатра», адзін з журналістаў запытаўся: «Напэўна вы марыце выступіць на Эдынбургскім фестывалі ці ў Авіньёне?». Я шчыра адказаў «не». Справа ў тым, што два гэтых фестывалі - два монстра ў тэатральнай сферы. Для ўдзелу ў fringe Эдынбургскага фестывалю неабходна самастойна аплаціць свой удзел: транспарт, пражыванне, арэнду пляцоўкі, сутачныя трупе і г. д. Мы ніколі не былі датацыйных тэатрам, і таму быў б дзіўным наш удзел у падобных фінансаваёмістых праектах. Ды і не было, калі шчыра, ніколі піетэту перад гэтымі фестывалямі. Мы з першых гадоў існавання тэатра выступалі на прэстыжных сусветных сцэнах, і «фрынжавыя» пляцоўкі падаваліся нам не самым прывабным аб'ектам. Аднойчы я запытаўся ў свайго даўняга сябра канькабежца Ігара Жалязоўскага, чаму ён так і не стаў алімпійскім чэмпіёнам, пры тым, што 6 разоў выйграваў чэмпіянат свету. Ён адказаў: «Мне з дзяцінства падабліся словы «чэмпіён свету», а словы «алімпійскі чэмпіён» не будзілі ніякіх эмоцыяў». Мабыць, і ў нашай гісторыі адбылося гэтак жа - «не будзілі эмоцыяў».

2011 змяніў нас, змяніў тэатр, змяніў наш маршрут руху. Мы апынуліся ў самой гушчы сусветнага тэатральнага працэсу, выжыўшы на самым крутым пераломе за ўвесь час існавання тэатра. Цяпер стаў магчымы і Эдынбургскі фестываль, і fringe. І не таму, што ў нас раптам з'явіліся грошы. Зусім не. Проста мы пагрузіліся ў цывілізаваны тэатральны рынак, дзе існуюць інстытуты, зацікаўленыя ў інавацыйных калектывах. Адной з такіх структур стала тэатральная кампанія Fuel, якая прапанавала нам стварыць спектакль і прадставіць яго на Эдынбургскі фестывалі. Валодзя Шчэрбань, які даўно выношваў ідэю адказу Кэці Акер, а калі больш дакладна, ейнаму «Нью-Йорку'79», узяўся за гэтую працу, якую неабходна было зрабіць у самыя кароткія тэрміны.

Дарэчы, напярэдадні фестывалю газета The Guardian ўключыла паказы беларускага «Свабоднага тэатра» ў спіс «10 тэатраў, якія трэба паглядзець на Эдынбургскім фестывалі». Гэта быў аванс, але беларусы яго спраўдзілі. Віншуем!

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках