28 снежня 2024, Субота, 23:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чакаецца двух- ці нават трохразовая дэвальвацыя

192
Чакаецца двух- ці нават трохразовая дэвальвацыя

Апошнія заявы Лукашэнкі сур'езна насцярожылі эканамістаў і бізнесменаў.

30 жніўня на нарадзе па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі Аляксандр Лукашэнка агучыў меры, якія павінныя стабілізаваць сітуацыю на валютным рынку.

Па словах Лукашэнкі, курс рубля будзе «вызначацца попытам і прапановай», а ўжо з сярэдзіны верасня «усе абменныя пункты банкаў будуць праводзіць куплю і продаж валюты насельніцтву па рынкавым курсе».

Па просьбе udf.by пракаментауюць заявы беларускага кіраўніка экс-кіраўнік Нацбанка Станіслаў Багданкевіча і кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка.

Ці не з'яўляецца рашэнне Лукашэнкі аб адмене адміністрацыйнага стрымлівання курсу нацыянальнай валюты запозненым? Ці дапамогуць наогул дадзеныя меры стабілізаваць эканоміку і валютны рынак альбо час ужо сышоў?

Заіка: Я лічу, што калі б улада пачала «варушыцца» у сакавіку месяцы, то курс можна было б стрымаць на адзнацы 3500-3600 рублёў за даляр. Мяркуючы па сённяшняй нарадзе, нейкія разумныя думкі прарываюцца да Лукашэнкі. Але дзейнічаюць ўлады занадта непрафесійна, таму што, перш чым казаць аб выхадзе на рэальны курс, трэба казаць аб скарачэнні рублёвай грашовай масы. Нельга заяўляць аб стабілізацыі ў сярэдзіне верасня, а ў лістападзе абяцаць выплаты па 500 тысяч лекарам і настаўнікам. Трэба адмовіцца ад якіх-небудзь індэксацый і павышэнняў тарыфных ставак, крэдытаў прадпрыемствам, скараціць сацыяльныя праграмы. Пасля таго як гэта зроблена, і беларускі рубель стаў «знікаючым відам», і трэба ўрачыста заяўляць аб таргах на валютнай біржы і стабілізацыі курсу.

Багданкевіч: Безумоўна, рашэнне запозненае. Усе агучаныя меры былі ўжо паўгады таму агучаныя беларускімі макраэканамістамі, але тады да іх ніхто не прыслухоўваўся. Нарэшце, дайшло і да ўлады. Усе гэтыя меры трэба было прымаць у канцы мінулага альбо на пачатку гэтага года. Хоць лепш позна, чым ніколі. Апошнія крокі ўлады зрабілі ў правільным кірунку. Выхад на рэальны курс - гэта самы важны крок па выхадзе з эканамічнага крызісу, хоць ўсё, вядома, будзе залежаць ад таго, якія рашэнні і дзеянні Лукашэнка будзе прымаць у бліжэйшы час.

- Які, на Вашую думку, будзе рынкавы курс беларускага рубля ў адносінах да даляра па выніках таргоў на валютнай біржы ў сярэдзіне верасня?

Багданкевіч: Зыходзячы з «чорнага» і «шэрага» рынка, якія сёння ёсць, можна прагназаваць двух- ці нават трохразовую дэвальвацыю. Складана назваць нейкую дакладную лічбу, бо многае залежыць не толькі ад рынку, але ад таго, якую пазіцыю будзе займаць ўлада. Я не веру, што курс цалкам будзе вызначацца попытам і прапановай на валюту, без якіх-небудзь спробаў яго адміністрацыйнага стрымлівання.

Заіка: Зараз беларускі рубель цалкам страціў давер насельніцтва. Для таго каб гаварыць пра спробу аднавіць да яго давер і выйсці на рэальны курс, трэба спачатку звольніць тых людзей, якія давялі нацыянальную валюту да такога стану. Калі гэтага не адбудзецца, то рублю яшчэ падаць і падаць. Я, як прафесіянал, павінен назваць вам няправільныя лічбы, каб вас дэзарыентаваць, а самому паспрабаваць згуляць па іншай схеме, але я гэтага рабіць не буду.

- Лукашэнка заявіў, што адказнасць за стабілізацыю эканомікі нясуць не толькі ўрад і Нацыянальны банк, але і камерцыйныя банкі? Як такі пасыл будуць успрымаць банкі і інвестары?

Багданкевіч: Не думаю, што для камерцыйных банкаў ёсць нешта прынцыпова новае ў гэтай заяве. Банкі і раней выконвалі заданні ўрада па вылучэнні рэсурсаў для крэдытавання сельскай гаспадаркі, пасяўной і ўборачнай кампаній. У нас у чыстым выглядзе свабоды для акцыянерных банкаў ніколі не было.

- Яшчэ адной заявай, якая сур'езна насцярожыла многіх эканамістаў, стала прапанова Лукашэнкі аб тым, што «звышпрыбыткі павінныя быць канфіскаваныя» ў прадпрыемстваў? Ці не нагадваюць Вам такія меры харчразвёрстка часоў вайсковага камунізму, і ці не паслужыць гэта прычынай вываду бізнесу ў іншыя краіны?

Заіка: Я не стамляюся дзівіцца беларускім уладам: спачатку самі стварылі сітуацыю з множнасцю курсаў, а потым патрабуюць у бізнесу, каб ён дзяржаве дапамагаў. Спадзяюся, што нашаму бізнесу ўжо нічога не страшна.

Багданкевіч: На жаль, такія меры таксама не новыя для нашай краіны. У нас ужо два гады таму быў створаны «Фонд нацыянальнага развіцця», у які канфіскоўваліся звышпрыбыткі ў асобных прадпрыемстваў, звыш падаткаў, і залічваліся ў гэты фонд. Гэта ўжо было. Вядома, усё гэта негатыўна адбіваецца і на інвестыцыйным клімаце, і на бізнесе, але лепш задаць пытанне уладам, чаго такім чынам яны хочуць дамагчыся.

- Лукашэнка заявіў, што ў насельніцтва будзе магчымасць перавесці свае рублёвыя ўклады ў валютныя. Наколькі гэта рэальна?

Багданкевіч: Я думаю, што гэта нерэальна. Нават калі нешта падобнае і будзе зроблена, то з велізарнымі абмежаваннямі. Такіх заяваў было шмат у нас за апошні перыяд, але яны так і засталіся заявамі. Хоць магчыма, будзе створаны такі дысконт, што насельніцтву проста вельмі нявыгадна будзе пераводзіць уклады ў беларускіх рублях ва ўклады ў замежнай валюце.

Напісаць каментар 192

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках