25 снежня 2024, Серада, 5:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцера Буланава прымушаюць напісаць прашэнне аб памілаванні

13
Зміцера Буланава прымушаюць напісаць прашэнне аб памілаванні

Ад Мікіты Ліхавіда месяц няма ніякіх звестак. На Зміцера Буланава ціснуць - прымушаюць падпісаць прашэнне аб памілаванні.

Зміцера Уса ў пятніцу ўвечары разам з Буланавым этапуюць ў Магілёўскую калёнію. Іллю Васілевічу 6 жніўня спаўняецца 20 гадоў.

Ад Іллі Васільевіча, які адбывае пакаранне ў Магілёўскай калёніі, два тыдні не было лістоў, і бацькі ўжо перажывалі. А ў чацвер прыйшло адразу тры лісты - Ілля піша маці, бацьку і сястры асобна. Маці Іллі Тамара распавяла «Радыё Свабода»:

«Бадзёрыя па настроі лісты, нават лягчэй на душы стала. А то мы ўжо тэлефанавалі ў калонію, бо даўно не было лістоў. Піша, каб даслалі заказнымі бандэролямі падручнікі ангельскай мовы. А то ён кінуў ўжо пераклады, а зараз ізноў пачаў перакладаць з ангельскай. Піша, што пакуль не працуе, бо з Менска яшчэ не дайшлі дакументы. Каранцін скончыўся, паперы ў дарозе, спадзяецца, што з дня на дзень пачне працаваць. Суцяшае, што ўсё нармальна, што швейцарскі парламентар Жан-Франсуа Штаерт даслаў яму ліст».

А вось маці Мікіты Ліхавіда, які тройчы пабываў у карцэры Наваполацкай калоніі, ужо месяц не атрымлівае звестак ад сына:

«6 жніўня будзе роўна месяц, як ад яго мне няма лістоў. У калоніі нічога не гавораць па тэлефоне. Так атрымалася, што разам з адвакаткай Дар'яй Ліпкінай нам прыйшлося адкласці паездку - мы ў чацвер збіраліся ў Наваполацк, а менавіта на ўчора прызначылі паседжанне кваліфікацыйнай камісіі. Адзіная добрая навіна - яна прайшла атэстацыю і працягвае працаваць. На наступным тыдні мы абавязкова паедзем да Мікіты».

Маці Зміцера Буланава Клаўдзія распавяла, што ў пятніцу ўвечары ейнага сына разам са Зміцерам Усам павінныя цягніком этапаваць з менскай «Валадаркі» ў Магілёўскую калонію.

«Піша, што яму прапанавалі напісаць прашэнне аб памілаванні. Наваліліся, нават не патлумачыўшы, што гэта такое, не прадставіліся, хто яны, адкуль яны. Маўляў, давай, пішы. Ніякіх подпісаў Змітрук не паставіў. Бо ён не прызнае сваёй віны, бо нічога ён на плошчы не рабіў. А калі ён не вінаваты, яго трэба рэабілітаваць. А то атрымліваецца - калі ты просіш, то прызнаеш, што цябе правільна асудзілі па 293-м артыкуле», - кажа Клаўдзія Буланава.

Вольга, жонка Зміцера Бандарэнкі, якому 10 дзён таму зрабілі складаную аперацыю ў пятай клінічнай лякарні, кажа, што адсутнасць навін - гэта ўжо вельмі добрая навіна:

«Кожны дзень пад'язджаю са страхам да лякарні, і калі бачу ахоўнікаў ля палаты, радуюся: значыць, Зміцер яшчэ тут. Яму прызначылі лекаванне, працэдуры, якіх, натуральна, няма ў турэмным шпіталі. Наогул, з нейрахірургічнага аддзялення выпісваюць ў Аксакаўшчыну, у адмысловы аднаўленчы цэнтр. То бок, калі б ён быў на волі, так бы і было - ён адсюль паехаў бы ў Аксакаўшчыну. Напэўна, гэта неверагодна. Але пакуль ён тут, і гэта радуе», - паведаміла Вольга Бандарэнка.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках