24 лiстапада 2024, Нядзеля, 5:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хваляванні на Трактарным заводзе

175
Хваляванні на Трактарным заводзе

Працаўнікі малярнага цэха Менскага трактарнага завода патрабуюць павышэння заробку.

Працаўнікі цэха № 91 Менскага трактарнага завода (МТЗ) звярнуліся ў прафсаюз РЭП з просьбай падрыхтаваць дакументы на імя кіраўніцтва прадпрыемства ў сувязі з нізкім заробкам. У той час як у цэлым па заводзе заробак паднялі на 40%, працаўнікі малярнага цэха № 91 ў чэрвені-жніўні атрымалі практычна на 20% менш, чым у лютым гэтага года.

- Да нас звярнуліся працаўнікі Трактарнага завода ў сувязі з тым, што ўзровень іхніх заробкаў па стаўленні да лютага гэтага года знізіўся на 20%. Прычым, не ў прывязцы да даляра ці росту коштаў, а ў беларускіх рублях, - распавёў Praca-by.info старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч. - І гэта ў той час, калі Трактарны завод ужо тры разы ўздымаў заробкі. Першыя два - на 10%, а трэці - на 20%. Інфляцыя ў краіне з пачатку года склала больш за 50%. Адмыслоўцы працуюць поўны працоўны тыдзень, практычна пры трохзменным рэжыме працы. Яны не разумеюць, чаму так несправядліва ацанілі іхнюю працу. Большасць працаўнікоў малярнага цэха - жанчыны.

Па словах працоўных, іхні месячны заробак за чэрвень, ліпень, жнівень склаў парадку 1700000 рублёў. У той час як у пачатку года яны атрымлівалі 2200000 рублёў на месяц.

- І гэта пры тым, што хуткасць канвеера была павялічаная. Кіраўніцтва цэха зрабіла гэта без папярэджання. Наменклатура дэталяў, якія падлягаюць афарбоўцы, настолькі вялікая, што працаўнікі не ў стане аб'ектыўна пракантраляваць правільнасць ацэнкі працы. З людзей выціскаюць апошняе, - лічыць Генадзь Фядыніч. - Больш за тое, кіраўніцтва заводу далажыла, што экспарт павялічыўся. У прэсе былі паведамленні, што фермер не змог за рублі купіць трактар, таму што ўсё ідзе на экспарт. Гэта лішні раз даказвае, што ўсім кіраўнікам на гэтых шэраговых працаўнікоў проста напляваць. Дадзены выпадак - лішні доказ таго, што прыйшоў час працаўнікам самім абараняць свае правы, а не чакаць нечай волі.

Працаўнікі цэха № 91 напісалі заяву на імя дырэктара МТЗ Аляксандра Пухавога, у якім выказалі недавер начальніку цэха Амяльковіч, папрасілі правесці пазапланавую праверку Бюро працы і заробку (БПіЗ) з мэтай недапушчэння зніжэння расцэнак і павысіць заробак не ніжэй за адсоткавую стаўку інфляцыі (50%).

«Мы, працаўнікі, не бачым ніякага імкнення з боку начальніка цэха ні ў наладжванні нармальнай працоўнай абстаноўкі ў калектыве, ні ў справядлівай адзнацы нашай працы. А пра хамскае дачыненні з яго боку да нас, працаўнікоў, мы ўжо і не кажам, - гаворыцца ў заяве маляроў цэха № 91.

Паводле інфармацыі Генадзя Фядыніча, праблемы ў маляроў і кіраўніцтва цэха ўзнікалі і раней. Працаўнікі распавялі прафсаюзнаму лідэру, што ў 2008 годзе, калі Амяльковіч узначаліў цэх № 91, у іх незаконна забралі дадатковыя 7 дзён да адпачынку, якія былі вылучаныя за працу ў шкодных умовах. Маляры МТЗ працуюць у цеплавых камерах пры тэмпературы вышэй за 100 градусаў. У пачатку гэтага года працаўнікі самі, без дапамогі дзеючага на МТЗ афіцыйнага прафсаюза работнікаў АСМ, дамагліся правядзення пазачарговай атэстацыі працоўных месцаў, у выніку якой ім былі вернутыя дадатковыя 7 дзён да адпачынку.

На думку старшыні прафсаюзу РЭП, нізкія заробкі могуць быць следствам актыўнасці працоўных.

- Мы не выключаем таго, што гэта, магчыма, пераслед з боку кіраўніцтва цэха. А як інакш растлумачыць, што пры ўсіх вышэйпералічаных аргументах ў кваліфікаваных супрацоўнікаў зарплата ніжэйшая, чым у дапаможных? Таму недавер маляроў да начальніка цэха і да БПіЗ цалкам абгрунтаваны, - падсумаваў Генадзь Фядыніч.

У адрасаваным дырэктару завода звароце працаўнікі папярэджваюць:

«Калі пасля нашай заявы да Вас, не будуць задаволеныя нашыя справядлівыя патрабаванні, а з боку кіраўніцтва цэха А. І. Амельяновіча пачнуцца ганенні, грубае стаўленне і неапраўданае непрадаўжэнне кантрактаў да падпісантаў заявы, мы пакідаем за сабой права звярнуцца ў адпаведныя вышэйстаячыя і кантрольныя органы Рэспублікі Беларусь».

Напісаць каментар 175

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках