Валерыя Красоўская: Памяць - адзінае, што засталося ў сваякоў зніклых людзей (Фота)
4- 19.09.2011, 12:04
16 верасня ў Эйндховене (Нідэрланды) адбылася акцыя салідарнасці з палітвязнямі і цырымонія ўшанавання памяці зніклых беларусаў.
Абодва мерапрыемствы былі арганізаваны Amnesty International, FNV Mondiaal, Mission to Minsk і ініцыятывай «Мы памятаем», паведамляе сайт ciwr.org.
З 15:00 да 17:30 на цэнтральнай плошчы Эйндховена прайшла акцыя салідарнасці з усімі асуджанымі па «справе 19 снежня». Увазе шматлікіх мінакоў быў прадстаўлены стэнд з фотаздымкамі ўсіх палітвязняў, кароткімі дадзенымі і адрасамі. Мінакам было прапанавана падпісаць паштоўку салідарнасці асуджаным. За аснову паштоўкі ўзятая карціна «Вясёлка» дачкі Анатоля Красоўскага Валерыі.
Акцыя выклікала вялікую цікавасць у жыхароў і гасцей горада. Больш за пяцьсот паштовак адпраўлена ў Беларусь. Многіх адпраўнікоў паштовак шакаваў факт, што ў цэнтры Еўропы чалавек можа патрапіць у турму за выказванне сваіх палітычных перакананняў.
У 18:00 на Paradijslaan каля дрэваў, пасаджаных ў памяць аб зніклых беларусах, пачалася цырымонія ўшанавання памяці Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зміцера Завадскага.
Удзельнікі акцыі ўшанавалі хвілінай маўчання заснавальніка сайта Хартыя`97 Алега Бябеніна, які быў знойдзены мёртвым 4 верасня 2010 г. на сваім лецішчам пад Менскам.
Далей паэт Лео Месман зачытаў свае вершы, прысвечаныя зніклым беларусам. Адзін з вершаў Леа Месмана, «Vier Bomen» («Чатыры дрэвы»), выгравіравана на памятнай дошцы ля дрэваў, якія сімвалізуюць вечнае жыццё зніклых беларусаў.
З прамовай выступіла дачка Анатоля Красоўскага Валерыя. «Я страціла свайго бацьку роўна 12 год таму, - сказала Валерыя Красоўская. - У той час мне было 17 гадоў, і маё сталенне адбылося імкліва і хваравіта. Боль да гэтага часу не сціхла. Яна трансфармуецца, але нікуды не знікае. Фатальная нявызначанасць з нагоды лёсу майго бацькі не дае ёй аціхнуць.
12 гадоў - гэта 4382 дні. Кожны з гэтых дзён я праходжу шлях ад адчаю да надзеі. Надзеі, што мае родныя і я даведаемся праўду пра тое, што адбылося 16 верасня 1999 года, і што цела і душа майго бацькі, нарэшце, будзе мець супакой.
Памяць - гэта тое адзінае, што засталося ў сваякоў зніклых людзей. Таму нашая арганізацыя завецца «Мы памятаем». Памяць немагчыма сфальсіфікаваць або адабраць. Шчаслівыя ўспаміны пра мінулае дапамагаюць мне сустрэць будучыню».
На мерапрыемстве таксама выступілі: прадстаўнік «Міжнароднай амністыі» Крысці Мідэма, прадстаўнік Федэрацыі нацыянальных прафсаюзаў Нідэрландаў Вім Дэкерс і прадстаўнік «Офіса за дэмакратычную Беларусь» Алена Ліс. Гарадскі паэт Піт ван дэн Боом зачытаў верш, які ён прысвяціў гвалтоўна зніклым беларусам.
У канцы акцыі яе ўдзельнікі запусцілі ў неба белыя паветраныя шары.
З 1995 года Эйндховен і Менск з'яўляюцца гарадамі-пабрацімамі. 16 верасня 2008 года пры ўдзеле муніцыпальных уладаў у цэнтры Эйндховена былі пасаджаныя 4 дубы ў памяць аб Юрыі Захаранку, Віктары Ганчары, Анатолі Красоўскім, Зміцеры Завадскім. З тых часоў на гэтым месцы 16 верасня традыцыйна праходзіць цырымонія ўшанавання памяці гвалтоўна зніклых беларусаў.