Віктар Івашкевіч: Трэба браць лёс у свае рукі (Відэа)
8- 19.09.2011, 15:56
«Зараз галоўная задача: раздаць людзям інфармацыю аб тым, куды прыходзіць», - заявіў арганізатар «Народнага сходу».
«Мы, прадстаўнікі аргкамітэту «Народнага сходу», самі выйшлі на вуліцы горада з газетай «Народная Воля», дзе апублікаваны артыкул пра «Народны сход», каб раздаваць людзям і каб паказаць, што гэта дазволена, што гэта не страшна», - кажа у інтэрв'ю тэлеканалу Белсат Віктар Івашкевіч, адзін з кіраўнікоў выбарчага штаба Андрэя Саннікава, сябра аргкамітэта «Народнага сходу».
Менскі аргкамітэт «Народнага сходу» вызначыў, што менскі сход адбудзецца 8 кастрычніка, у парку Дружбы народаў (плошча Бангалор) у 13.00. На сходзе будуць прынятыя патрабаванні да ўладаў, абраныя прадстаўнікі, якія перададуць дакументы, прызначаць дзень, месца і час наступнага сходу, на якім людзі абмяркуюць рэакцыю ўладаў і прымуць рашэнні аб дзеяннях, якія павінныя прымусіць улады выканаць патрабаванні народа.
«Месца ўжо вызначанае, подпісы, у прынцыпе, сабраныя, каб гэта было юрыдычна законна. Людзі вельмі ахвотна бяруць газету з інфармацыяй аб сходзе, некаторыя, убачыўшы, вяртаюцца - просяць яшчэ адну для сваіх знаёмых. Некаторыя кажуць: не трэба, я сам выпісваю, дайце таму, хто не чытае. Усе хочуць чуць альтэрнатыўную інфармацыю», - заўважае палітык.
Па словах Івашкевіча, людзі яшчэ слаба праінфармаваныя. На сённяшні дзень інфармацыйнай прадукцыі хапае, аргкамітэт вырашыў гэтае пытанне - і засталося толькі раздаць газету. Неабходнае цяпер - гэта рукі валанцёраў, якія распаўсюдзяць інфармацыю аб сходзе.
«Людзі рэагуюць станоўча. Многія баяцца, але падтрымліваюць. Некаторыя кажуць, што прыйдуць. Зараз пажадана, каб народная ініцыятыва пашыралася, каб прыхільнікі дэмакратычных пераменаў не сядзелі і не чакалі, што нехта нешта зробіць, а самі далучыліся. Узяць сотню газет, раздаць за хвіліну, або ўзяць 500 улётак раскідаць - гэта не такая вялікая праца. Калі людзі масава далучацца, гэтая інфармацыя вельмі хутка разыдзецца. Да 8 кастрычніка мы яшчэ маем час, але ўжо час ідзе на дні, а не на месяцы», - кажа Віктар Івашкевіч.
«Трэба зрабіць першы крок. Бессэнсоўна гадаць, колькі людзей прыйдзе на сход. Кожны, хто ўсведамляе неабходнасць пераменаў, павінен зрабіць усё, каб людзей праінфармаваць. Мы даем магчымасць прыйсці: юрыдычную, інфармацыйную, арганізацыйную. Трэба пачынаць, трэба браць лёс у свае рукі», - адзначае сябра аргкамітэта.
Нашы кантакты:
е-mail: narodnyshod@gmail.com
скайп: kate.liudvih
Паштовы адрас: 220013, вул. Кульман, 4 (Беларускі прафсаюз работнікаў РЭП)
тэлефоны:
г. Менск:
+375 29 774 49 68
+375 44 716 06 22
+375 29 681 57 37
Рэгіёны: 375 25 951 40 03