27 снежня 2024, Пятніца, 9:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рада ААН па правах чалавека: Неадкладна вызваліць палітвязняў

43
Рада ААН па правах чалавека: Неадкладна вызваліць палітвязняў

Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека вынесла рэкамендацыі уладам Беларусі ў галіне правоў чалавека.

Вусны даклад Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Наванэтхем Пілэй быў прадстаўлены ў аўторак на чарговай сесіі Рады ААН па правах чалавека, якая праходзіла ў Жэневе, паведамляе ІТАР-ТАСС.

ААН заклікала ўлады Беларусі «неадкладна і без усялякіх умоваў адпусціць усіх палітычных апанентаў, актывістаў і журналістаў, якія не ўдзельнічалі ў беспарадках», у снежні мінулага года. Акрамя гэтага ў дакуменце ўтрымліваюцца заклікі да Менску «правесці справядлівае і аб'ектыўнае расследаванне абставінаў, пры якіх гэтыя людзі былі затрыманыя і арыштаваныя, усіх паведамленняў пра выпадкі катаванняў і жорсткага абыходжання і прыцягнуць да суду ўсіх адказных».

Прадстаўляючы даклад, намесніца Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека К’юнг-ва Канг заклікала Менск «неадкладна пакласці канец усім формам палітычнага і адміністрацыйнага ціску і пераследу», правесці «ўсёабдымны перагляд прававой сістэмы, у тым ліку крымінальны кодэкс». Асобна змяшчаецца рэкамендацыя дазволіць місіі УВКПЧ «у бліжэйшай будучыні» наведаць краіну.

У адказ на прадстаўлены даклад сталы прадстаўнік Беларусі пры аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе Міхаіл Хвастоў заявіў, што «прадстаўленая інфармацыя з'яўляецца недакладнай і неаб'ектыўнай», што ў дакладзе ўтрымліваюцца «прадузятыя ацэнкі падзеяў», у выніку чаго «Радзе прапанаваны набор няслушных адзнак і трактовак».

«Палітызацыя працы Рады - гэта паўтор сітуацыі з Камісіяй па правах чалавека, пра якую ўзгадваюць як пра орган, якi страцiў да сябе давер з-за няздольнасці універсальна, аб'ектыўна разглядаць праваабарончыя сітуацыі», - перасцярог Хвастоў, прапанаваўшы задумацца пра будучыню РПЧ.

Абмеркаванне даклада будзе працягнутае ў сераду. Пісьмовы ж даклад Вярхоўнага камісара аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі будзе прадстаўлены на 20-й сесіі РПЧ ў наступным годзе.

Напісаць каментар 43

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках