27 снежня 2024, Пятніца, 9:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аблава на лідэраў партыі «Справядлівы свет»

8
Аблава на лідэраў партыі «Справядлівы свет»

Сёння ўначы праваахоўнікі Гомельскай вобласці канфіскавалі ў кіраўнікоў Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» каля 10 тысяч буклетаў з інфармацыяй пра партыю.

Лідэры арганізацыі кажуць, што іхнія тэлефоны стаяць «на праслушцы».

Як распавёў карэспандэнту сайта «Товарищ.online» намеснік старшыні Партыі «Справядлівы свет» Валер Ухналёў, ён накіроўваўся ў Кіеў і па дарозе захапіў для Жлобінскай і Гомельскай арганізацый партыі інфармацыйныя буклеты, якія планаваў перадаць актывістам на прыпынках.

«Аднак, як толькі цягнік спыніўся, у вагон зайшлі два лейтэнанты міліцыі і запатрабавалі прад'явіць ім друкаваную прадукцыю. Калі я ім яе паказаў, яны сказалі, што будуць яе адбіраць на той падставе, што ў буклетах змяшчаецца інфармацыя палітычнага характару. Таму яе павінны праверыць у ідэалагічным аддзеле», - распавёў палітык.

Па ягоных словах, уся друкаваная прадукцыя была выпушчаная строга ў межах дзеючага заканадаўства і змяшчала інфармацыю аб дзейнасці партыі.

«Гэта поўнае бязмежжа, - кажа В. Ухналёў, - і парушэнне нашых канстытуцыйных правоў - у выглядзе перашкоды дзейнасці афіцыйна зарэгістраванай партыі».

Акрамя гэтага, намеснік старшыні «Справядлівага свету» адзначыў, што, мяркуючы па начных дзеянням міліцыі, можна зрабіць выснову, што тэлефоны кіраўніцтва партыі знаходзяцца «на праслушцы». «Ніхто акрамя двух-трох чалавек не ведаў, што я вязу буклеты. Міліцыянты дзейнічалі мэтанакіравана, значыць, яны ведалі. Выключаю, што хто-небудзь з маіх таварышаў мог сам патэлефанаваць «куды трэба» і паведаміць аб буклетах. Значыць, нашыя тэлефоны «слухаюць», - падкрэсліў палітык.

Не абышло бокам «пільнае вока» праваахоўнікаў і лідэра Гомельскай абласной арганізацыі партыі Уладзіміра Сякерку: «Я забраў у вагоне прызначаныя для нас буклеты і па дарозе з перона вакзала ў горад ўбачыў, што супрацоўнікі міліцыі праводзяць дагляд рэчаў людзей, якія выйшлі з цягніка».

«З такім патрабаваннем звярнуліся і да мяне, але я адмовіўся прадставіць рэчы для надгляду, - працягвае лідэр левых Гомельшчыны. - Пасля гэтага мяне папрасілі прайсці ў аддзел міліцыі для высвятлення асобы. Гэтага ім падалося мала і яны ўсё ж дагледзелі рэчы і калі знайшлі буклеты, канфіскавалі іх».

Уладзімір Сякерка распавёў, што напісаў скаргу на незаконныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, запатрабаваў разабрацца і вярнуць ўсю друкаваную прадукцыю.

Па ягоных словах, «супрацоўнікі міліцыі выконваюць замову адной арганізацыі, якая праслухоўвае тэлефоны». «Гэтая арганізацыя, відаць, занепакоеная тым, што ідзе актыўная праца, у тым ліку і нашай партыяй, па падрыхтоўцы народнай сходу. Вось яны і нярвуюцца, затрымліваюць чужымі рукамі абсалютна легальныя матэрыялы», - падкрэсліў палітык.

Ён звярнуў увагу на тое, што пры аглядзе ягоных рэчаў у аддзяленні знаходзілася міліцэйскае начальства. «І гэта ў палове на другую гадзіну ночы! Намеснік начальніка, тры капітаны, два старэйшых лейтэнанта... Можна смела казаць, што да правядзення «спецаперацыі» яны старанна рыхтаваліся», - рэзюмаваў Уладзімір Сякерка.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках