24 снежня 2024, aўторак, 23:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Валянціна Аліневіч: Я маліла Бога, каб майго сына не закапалі па дарозе з Масквы ў Менск

7
Валянціна Аліневіч: Я маліла Бога, каб майго сына не закапалі па дарозе з Масквы ў Менск

Ігар Аліневіч застаўся адзіным палітвязнем у Наваполацкай калоніі пасля памілавання Мікіты Ліхавіда і пераводу кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава ў Бабруйскую ВК-2.

Ад сына маці Валянціна Аліневіч за месяц атрымала толькі адзін ліст. Менавіта ў гэтым лісце малады чалавек паведамляе, што яму ў чарговы раз адмоўлена ў працяглым спатканні з роднымі.

Валянціна Аліневіча распавяла 22 верасня журналістам аб сваім стане - «як маці, як усе бацькі, як грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які на сабе адчуў усе прывабнасці беларускага заканадаўства».

Затрыманы людзьмі ў цывільным 28 лістапада 2010 года ў Маскве, Ігар Аліневіч быў вывезены ў невядомым кірунку. Праз толькі суткі стала вядома, што Аліневіч знаходзіцца ў ізалятары КДБ у Менску - «амерыканцы». Пра гэта маці актывіста паведаміў дзяжурны адвакат, перадае «Беларускі партызан».

27 мая Заводскі райсуд сталіцы вынес прысуд групе актывістаў анархісцкага і сацыяльнага напрамку. І. Аліневіч быў асуджаны на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбывае пакаранне ў Наваполацкай калоніі.

- Калі перад выбарамі пачаліся арышты, калі загінуў Алег Бябенін, Ігар звязаў гэтыя падзеі ў адно цэлае і з'ехаў у Маскву, каб адтуль дапамагаць сваім сябрам. Ягоная памылка, а можа, прыстойнасць, заключаліся ў тым, што ён не аціх, а актыўна дзейнічаў у Інтэрнэце. У Маскве сярод белага дня яго выкралі. Можаце сабе ўявіць, што адчувала я ў наступныя суткі?.. Я ўзгадала пра Віктара Ганчара, Юрыя Захаранку, Зміцера Завадзкага... Я маліла Бога, каб майго хлопчыка не закапалі па дарозе з Масквы ў Менск, - падзялілася самым патаемным Валянціна Аліневіч. - І толькі праз суткі дзяжурны адвакат паведаміў, што мой сын знаходзіцца ў «амерыканцы».

«Я разумела, што могуць быць катаванні, ўздзеянне. Пра гэта ён сам распавёў, піша ў лістах... За апошні месяц я атрымала ад яго толькі адзін ліст. Хоць у яго ёсць права на два тэлефанаванні. За месяц - толькі адзін ліст, ні аднаго тэлефанавання. Ён па-ранейшаму знаходзіцца ў жорсткай ізаляцыі. Калі раней ён мог бачыцца з Мікітам Ліхавідам, Андрэем Саннікавым, то цяпер ён застаўся ў Наваполацкай калоніі адзін», - кажа Валянціна Аліневіча.

Прычым, як кажа Аляксандр Дзядок, бацька палітвязня Мікалая Дзядка, Ігар Аліневіч асуджаны на падставе паказанняў аднаго-адзінага чалавека, які выйшаў з залы суда без тэрміну. За тое, што абгаварыў іншага чалавека. «Гэта прававы нонсэнс», - дадаў А. Дзядок.

Мікалай Дзядок асуджаны на чатыры з паловай гады ўзмоцненага рэжыму. Прысуд Менскі гарсуд пакінуў без зменаў, але асуджаны па справе анархістаў мае намер прайсці ўсе нацыянальныя судовыя інстанцыі, адзначыў бацька.

Што адбываецца з сынам у калоніі - Аляксандру Дзядку не вядома. «Ведаю, што прапаноўвалі пісаць прашэнне аб памілаванні. Але ў прынцыпе нічога пра сына практычна невядома».

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках