26 снежня 2024, Чацвер, 9:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З моманту арышту Бяляцкага прайшоў месяц

З моманту арышту Бяляцкага прайшоў месяц

Віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека і кіраўніка праваабарончага цэнтра «Вясна» затрымалі 4 жніўня каля 17.00 у раёне плошчы Перамогі.

У той жа вечар у ягонай кватэры, на лецішчы і ў офісе цэнтра «Вясна» прайшлі ператрусы, пасля чаго затрыманага даставілі на допыт у дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. Пасля допыту Бяляцкі быў узяты пад варту.

12 жніўня праваабаронцу прад'явілі абвінавачванне па частцы 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (утойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры). Падставай для распачацця крымінальнай справы стала інфармацыя аб рахунках Бяляцкага ў літоўскім і польскім банках, перададзеная беларускім уладам Мінюстам Літвы і Генпракуратурай Польшчы ў межах дамовы аб прававой дапамозе з Беларуссю.

У Вільні і Варшаве заявілі, што Менск злоўжыў механізмам міжнароднай прававой дапамогі для расправы з непажаданых праваабаронцам. Літва і Польшча папрасілі прабачэння ў Бяляцкага і ягоных родных, а таксама прыпынілі дзеянне пагадненняў аб прававой дапамогі з Беларуссю. Некалькі чыноўнікаў літоўскага Мінюста і польскай Генпракуратуры пазбавіліся сваіх пасадаў.

Прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Сухайр Белхасен выступіла з заявай, у якой патлумачыла: сродкі, якія пералічваюцца міжнароднымі арганізацыямі на рахункі Бяляцкага, не выкарыстоўваліся ім у асабістых мэтах, а ішлі на фінансаванне дзейнасці праваабарончага цэнтра «Вясна».

Алесь Бяляцкі ўтрымліваецца ў следчым ізалятары № 1 МУС Беларусі па вуліцы Валадарскага ў Менску. Родныя і калегі праваабаронцы рэгулярна атрымліваюць ад яго лісты і распавядаюць, што ён трымаецца добра - і фізічна, і маральна.

У дэпартамент фінансавых расследаванняў МУС пададзена ўжо больш за 800 хадайніцтваў аб змене меры стрымання Бяляцкаму на асабістае паручальніцтва ў выпадку яго выхаду з СІЗА. І гэта толькі тыя хадайніцтвы, якія пададзеныя цэнтралізавана.

Створаны інтэрнэт-сайт у падтрымку праваабаронца - save-spring96.org. Тут размешчаная інфармацыя аб крымінальным пераследзе Бяляцкага, ягоная біяграфія, звесткі аб праваабарончай дзейнасці цэнтра «Вясна».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках