26 снежня 2024, Чацвер, 18:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Грошы, сабраныя для Бяляцкага, пералічаныя на рахунак суду

16
Грошы, сабраныя для Бяляцкага, пералічаныя на рахунак суду

Грамадскасцю сабраная і пералічаная на рахунак суду Першамайскага раёна Менска сума для пагашэння шкоды, якую нібыта нанёс дзяржаве Алесь Бяляцкі.

Як паведаміла БелаПАН жонка Бяляцкага Наталля Пінчук, 757 млн. 526 тыс. 717 рублёў яна пералічыла 18 студзеня са свайго рахунку на рахунак суду. «Гэта ўся сума, якую па пастанове суда павінен заплаціць Бяляцкі», - сказала яна.

Жонка асуджанага праваабаронца ўстрымалася ад прагнозаў з нагоды таго, як пагашэнне шкоды можа паўплываць на вынік разгляду касацыйнай скаргі Бяляцкага.

Нагадаем, разгляд скаргі ў Менскім гарадзкім судзе прызначаны на 24 студзеня.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага ўладамі праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі 24 лістапада прысуджаны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Ён прызнаны вінаватым па частцы 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (утойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры).

Падставай для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала інфармацыя аб ягоных замежных банкаўскіх рахунках, перададзеная ў Менск чыноўнікамі Літвы і Польшчы ў межах двухбаковых пагадненняў аб прававой дапамогзе. Як патлумачыў у судзе Бяляцкі, грошы, якія паступалі на ягоныя рахункі, выкарыстоўваліся ў якасці дапамогі для грамадзянаў Беларусі, чые правы былі парушаныя. Банкаўскія рахункі былі адкрытыя за мяжой, бо беларускія ўлады неаднаразова адмаўлялі праваабаронцам у рэгістрацыі іхняй арганізацыі.

Паводле прысуду суду, Бяляцкі павінен выплаціць дзяржаве 757 млн. 526 тыс. 717 рублёў (каля 90 тыс. даляраў) нібыта для кампенсацыі шкоды, нанесенай нявыплатай падаткаў. Збор сродкаў для пагашэння гэтага шкоды праваабаронцы абвясцілі 15 снежня. Родныя і калегі Бяляцкага спадзяюцца, што гэта паўплывае на рашэнне Менскага гарсуда - стане падставай для вызвалення асуджанага або як мінімум змены яму меры стрымання або змякчэння прысуду.

Алесь Бяляцкі зараз утрымліваецца ў следчым ізалятары Жодзіна. Міжнародная дэмакратычная грамадскасць, кіраўніцтва Еўразвяза, ЗША і шэрагу іншых краін лічаць вынесены праваабаронцу прысуд палітычна матываваным і патрабуюць ад уладаў Беларусі безумоўнага вызвалення Бяляцкага.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках